У Гародні адбываецца парафіяда дзяцей і моладзі



У Гародні пад дэвізам “Навярні нас, Пане, і да Цябе вернемся” праходзіць VII-я дыяцэзіяльная парафіяда дзяцей і моладзі.

Каманды з усіх парафій Гарадзенскай дыяцэзіі спаборнічаюць у трох катэгорыях: “святыня”, “тэатр” і “стадыён”.

У гэтым годзе ўдзел у парафіядзе прымаюць амаль паўтысячы чалавек, што на думку яе арганізатара ксяндза Артура Малафея сведчыць аб усё большай папулярнасці мерапрыемства:

Парафіяда з’яўляецца адукацыйным праектам, выхаваўчым. Тут мы можам казаць пра ўсебаковы клопат за выхаванне маладога чалавека. У святыні мы кажам пра душу чалавека, у тэатры – пра інтэлект чалавека, а ў стадыёне – клопат пра здаровае цела.

Парафіяда – праект, заснаваны на старажытна-грэчаскай трыядзе “святыня – тэатр – стадыён”. У Гародні першая парафіяда адбылася ў 2009 годзе і сабрала сотню ўдзельнікаў.

Сёлетняя парафіяда праходзіць ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля і стадыёне “Нёман”.

Беларускае Радыё Рацыя