“7 крыніц”



“Сем крыніц” – адна з турыстычных цікавостак на Родасе. Гэта даволі маляўнічае месца. Тут можна пабачыць прыгожыя краявіды, палюбавацца на птушак-вартаўнікоў мясцовага паркінга ды проста адпачыць.

Але самым прыцягальным пунктам турыстычнай пабыўкі ў гэтым месцы з’яўляецца загадкавы тунэль з крынічнай вадой. Ён такі вузкі, што туды можа змясціцца толькі адзін дарослы чалавек. Даўжыня тунэля каля 200 метраў. І ён не асвятляецца. Толькі ў сярэдзіне ёсць вентыляцыйная шахта глыбінёй 13 метраў ад паверхні зямлі, праз якую ў тунэль пранікае дзённае святло. Кожны ахвотны можа прайсці праз яго па шчыкалатку ў вадзе, якая збіраецца тут з сямі крыніц, а пасля ўпадае ў раку Лутаніс.  Адсюль і назва тунэля – “Сем крыніц”.

Паводле легенды, калі прайсці праз тунэль па ўсёй яго даўжыні, то можна стаць маладзейшым на 7 гадоў і ачысціцца ад 7 грахоў. Ці так гэта? Варта паспрабаваць ды праверыць:)

Іна Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі