Аэрапорт у Вільні закрыюць на рэканструкцыю на 35 дзён



Сёлета ў ліпені – жніўні аэрапорт у Вільні плануюць закрыць на рэканструкцыю. Ні вылетаў, ні прылётаў у гэты час не будзе. Некаторыя авіякампаніі-лаўкостэры ўжо не прадаюць білеты з Вільні і назад на ўвесь ліпень і жнівень. 

Рэканструяваць узлётна-пасадачную паласу ў аэрапорце Вільні будуць з 14 ліпеня па 23.59 гадзін 17 жніўня. Гэта значыць 35 дзён. Апошні раз узлётна-пасадачную паласу рэканструявалі тут 20 гадоў таму. Работы па рэканструкцыі паласы ацанілі ў 25 млн еўра. Асноўным падрадчыкам выбралі латвійскую кампанію ACB.

WizzAir перанёс віленскія рэйсы ў Коўна, Ryanair палёты адмяніў, а «Белавія» будзе часцей лётаць у Палангу.

На час рэканструкцыі 14 з 16 авіякампаній, якія лётаюць у Вільню і з яго, перанясуць свае рэйсы ў аэрапорт Коўна, гаворыцца на сайце аэрапорта ў Вільні.

Іншы лоўкостэр Ryanair рэйсы з Вільні на час рамонту ўзлётна-пасадачнай паласы проста адмяніў. Пераносіць іх у Коўна не будуць.

Авіякампанія «Белавія» таксама лётае з Менска ў Вільню. Летам – тры разы на тыдзень. У прэс-службе авіякампаніі адзначаюць, што «закрыццё на рамонт аэрапорта ў Вільні прывядзе да неістотных зменаў у іх працы». Яшчэ адзін літоўскі кірунак «Белавія» – Паланга.

– У гэтым годзе мы павялічылі частату выканання рэйсаў у Палангу да двух разоў на тыдзень – па чацвяргах і нядзелях. Падчас закрыцця віленскага аэрапорта дадамо дадатковы рэйс – па аўторках. Ён будзе дзейсны з 18 ліпеня па 15 жніўня. Як толькі аэрапорт адкрыецца, мы адновім палёты ў Вільню згодна з існуючым летнім раскладам, – пракаментавалі ў прэс-службе авіякампаніі.

tut.by