Афінскае метро



Існуе двое Афінаў. Першыя Афіны – гэта горад Перыкла, Фемістокла, Сакрата і Платона, то бок нешта ўяўнае, велічнае і прыгожае, закладзенае ў нашую свядомасць яшчэ школьнымі падручнікамі. Той горад пераважна ляжыць глыбока пад зямлёю, а над ім віруюць Афіны сённяшнія: брудны, загазаваны мегаполіс, з фантастычнай колькасцю смецця на вуліцах, з бомжамі і папрашайкамі каля гістарычных помнікаў, з сутэнёрамі і наркагандлярамі на плошчы Амонія, з шалёнымі натоўпамі турыстаў пад Акропалем і сучаснымі гараджанамі, якія жывуць па звыклай для вялікіх гарадоў схеме: дом – праца – дом.

Афінскае метро, напэўна, адзінае месца ў грэцкай сталіцы, дзе гэтыя два гарады сустракаюцца.

Першая лінія афінскага метро была пракладзеная ў 1869-м годзе і такім чынам стала другім у Еўропе метрапалітэнам пасля Лонданскага. Тады метрабудаўнікі па-варварскі праклалі рэйкі праз Афінскую Агору, падзяліўшы яе напалам. Шмат антычных помнікаў былі незваротна знішчаныя.

У 2000 годзе, да Алімпійскіх гульняў 2004 года, у Афінах распачалася пракладка адразу дзвюх новых лініяў метрапалітэна. Будаўніцтва амаль штодня спынялася археолагамі: культурны слой у грэцкай сталіцы сягае дваццаці метраў, і там метрабудаўнікі ўвесь час знаходзілі ўсё новыя і новыя артэфакты.

Запаснікі афінскіх музеяў забітыя пад завязку – захоўваць новыя археалагічныя знаходкі не было дзе. Тады грэкі і вырашылі зрабіць на станцыях метро міні-музеі, з падрабязным тлумачэннем пра знаходкі.

Так што, калі каму давядзецца пабываць у грэцкай сталіцы – не палянуйцеся праехаць на “чырвоную лінію”, да станцыі Манастыракі, што непадалёк Акропаля, дзе знаходзіцца ці не найлепшая экспазіцыя. Прынамсі, некаторыя знаходкі, якія там дэманструюцца, вартыя экспазіцыі ў Афінскім археалагічным музеі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя