Ахалцыхе: Крэпасць Рабат



Ахалцыхе – горад на поўдні Грузіі, заснаваны ў XII  стагоддзі. Горад не з’яўляецца лыжным курортам ці санаторнай зонай з мініральнымі крыніцамі. Але ён прыцягвае турыстаў найперш сваёй  галоўнай славутасцю –  крэпасцю Рабат, першая узгадка пра якую  адносіцца да XVI стагоддзя.

рабат-2

У траўні 2011 года крэпасць была рэканструяваная. На гэтыя мэты ўрад Грузіі  выдаткаваў з дзяржаўнага бюджэту 34 мільёны лары. Па некаторых звестках, пры рэканструкцыі Рабат імкнуліся зрабіць трохі падобным на Ерусалім.

У межах праекта на тэрыторыі крэпасці былі адрэстаўраваныя: мячэць, мінарэт мячэці, медрэсэ, замак Джакелі, лазні, цытадэль, сцены крэпасці і праваслаўная царква ды іншыя аб’екты.

Ахалцыхская крэпасць мае тэрыторыю ў 7 гектараў і падзеленая на дзве часткі каменнай сцяной: верхнюю і ніжнюю. У верхняй крэпасці размешчаны гістарычныя аб’екты. На тэрыторыі ніжняй часткі знаходзяцца ў асноўным аб’екты абслугоўвання турыстаў. У заходняй жа частцы размешчаны замак. У яго можна ўвайсці, зазірнуць у некаторыя памяшканні, падняцца наверх і нават ўзысці на самую галоўную яго вежу. Гэта самая высокая кропка Ахалцыхе, адсюль відаць увесь горад.

Шмат спрэчак вядзецца наконт рэканструкцыі крэпасці. Ранейшы Рабат быў больш цікавым для археолагаў, але, на жаль, звычайнаму чалавеку там было не зусім цікава, наведванне Рабата ў тыя гады займала 15 хвілін. Сучасны ж Рабат прыцягвае большую колькасць турыстаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя