Албанскі Дурэс – горад у якім не адчуваеш час



Падарожжа ў албанскі Дурэс, што за дзве тысячы кіламетраў ад Гародні, заняло больш за двое сутак. Польшча і Славакія праляцелі хутка, Венгрыя і Сербія сталі цяжкім выпрабаваннем для нашага экіпажа, у якім было чацьвёра дарослых і трое дзетак. Перад тым як патрапіць у Албанію мы некалькі дзён гасцявалі ў чарнагорскай Добрай Водзе, аднак прыгоды чакалі нас у самой Албаніі.

Дурэс другі па насельніцтву горад Албаніі і знаходзіцца ў 33 кіламетрах ад сталіцы гэтай дзяржавы – Ціраны. Дурэс можа спадабацца не толькі аматарам старажытнасцяў, але і тым, хто хоча пахадзіць па кавярнях. Што да старажытнасцяў Дурэс вядомы з 7-га стагоддзя да нашай эры, паспеў пабыць часткай рымскіх земляў, заваёўваўся балгарамі ды туркамі, а да пачатку ХХ стагоддзя быў часткай Турцыі. Таму ў гэтым горадзе мяшанка культур і розных традыцый. Мусульманскія мінарэты мяжуюць з хрэсціянскімі цэрквамі, а праз дарогу ад бетонных умацаванняў часоў дыктатара Энвера Ходжы, калі Албанія была ізаляванай дзяржавай, можна ўбачыць старажытны амфітэатр.

Помнікі албанскім героям сустракаюцца амаль на кожным кроку, а з-за вялікай колькасці пальмаў горад падобны да гарадоў Афрыкі ці нейкага іншага кантыненту.

Турысту, які наведвае Албанію, трэба быць уважлівам з гледзішча на розныя курсы на мясцовую валюту лек. У першы дзень нам прапанавалі курс у 100 лекаў за 1 еўра, а потым у бліжэйшым абменніку курс мяняўся ў залежнасці ад сумы: за 10 еўра – 120, а пасля амаль 140 лекаў.

У кавярнях можна разлічвацца ў еўра, аднак рэшты вам абавязкова дадуць лекамі. Памяняць грошы можна і ў банках, аднак банкі працуюць толькі ў працоўны дзень і з 8.30 да 15.30 мясцовага часу.

Дарослыя могуць знайсці сабе розныя заняткі, апроч кавярняў, але кагосьці цікавіць начное жыццё, то ў горадзе ёсць некалькі клубаў. Аднак у асноўным жыццё ў Дурасе на ноч замірае, а пасля 22 гадзін працуюць толькі кавярні і невялікія рэстараны – 00:30. Аднак ужо каля 7 раніцы адчыняюцца крамы і пачынаецца вулічны гандаль.

На рынках Албаніі любяць гандлявацца як і ў арабскіх краінах, аднак скідаюць не шмат. Напрыклад, з цаны кілаграма рыбы ці мяса можна скінуць 100-150 лекаў. Садавіна і гародніна прадаецца тут амаль на кожным  кроку, таму жадаючым паласавацца кавунамі, дынямі, альбо вінаградам з інжырам, ёсць дзе пахадзіць і павыбіраць.

Калі захочаце пад’есці ў самім Дурасе, то выбірайце невялікія кавярні ў адлегласці ад цэнтра горада ў кірунку да старажытных помнікаў. Напрыклад, нам вялікай кампаніяй у адной з такіх кавярняў удалося паесці за 20 еўра на 7 чалавек. Вялікія порцыі ежы можна параўнаць з порцыямі ў Польшы, да асноўных блюдаў прыносяць дадатковыя порцыі.

У іншай кавярні вам, як сталым наведнікам, могуць прынесці нечаканы бонус у выглядзе мясцовага хлеба падобнага да лаваша. Калі здымаеце кватэту ці пакой, то ў Дурасе гэта можна зрабіць едучы па цэнтральнай вулічцы горада, дзе ў сезон адпачынкаў гаспадары ходзяць па вуліцы і звіняць ключамі. Албанія, а ў прыватнасці Дурэс – гэта мясціны, у якія хочацца вяртацца.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя