Александрыйская бібліятэка. Вялікі антычны брэнд, які адрадзілі



У антычныя часы быў складзены спіс Сямі цудаў – гэткі рэестр самых славутых адментасцяў тагачаснай архітэктуры. Егіпет у тым рэестры быў прадстаўлены Пірамідамі і Фароскім маяком. Але ж шмат хто дадаваў у гэты спіс і Александрыйскую бібліятэку, заснаваную ў ІІІ ст. да н. э.

Пра Александрыйскую бібліятэку часоў Пталемеяў існуе шмат прыгожых і неверагодных паданняў і міфаў, але бясспрэчна адно: у тагачаснае бібліятэцы было каля 700 тысяч папірусных рукапісаў, прытым – на самых розных мовах. У антычныя часы Александрыйская бібліятэка была месцам сакральным: перад яе наведваннем бібліяфіл мусіў прайсці абрад ачышчэння – рыхтык як перад наведваннем храма.

Паводле адной версіі, бібліятэку спалілі легіянеры Юлія Цэзара. Паводле другой – фанатычныя хрысціянне-неафіты. Паводле трэцяй – асманскі ваяр Амар, які заявіў, што калі ў бібліятэчных кнігах напісанае тое, што ўжо ёсць у Каране, то кнігі тыя непатрэбныя, а калі нешта іншае – непатрэбныя і пагатоў.

Як бы то ні было, але тая бібліятэка была ці не найвялікшым брэндам вялікага горада Александрыя, але да нядаўняга часу заставалася толькі радком у падручніках па гісторыі і адпаведных энцыклапедыях, ды яшчэ ў прыгодніцкіх кніжках. 

У 2002 годзе гэты антычны брэнд вырашылі адрадзіць. Ададжэнне ацэньвалася ў фантастычную для Егіпта суму 172 міліёна даляраў, прытым большую частку меркавалася вытраціць не столькі на будаўніцтва, колькі на закупку сучаснага абсталявання, старажытных манускрыптаў, а таксама на падрыхтоўку кадраў. Фінансавала будаўніцтва пераважна ЮНЭСКА. І хаця частку грошай традыцыйна раскралі, аб’ект збудавалі ўсяго за год.

За якія дзесяць гадоў вакол Александрыйскай бібліятэкі была створана прынцыпова новая агульнаадукацыйная сістэма, цалкам незалежная ад егіпецкага ўрада, а для александрыйцаў адроджаны гістарычны брэнд стаў такім жа родным, як фартэцыя Кайт-Бей ці мячэць Эль-Мурсі Абуль-Абаса.

Падчас рэвалюцыі 2011 года на вуліцах горада шчыравалі натоўпы марадзёраў, якія падпальвалі і нявечылі ўсё, што траплялася ў іх на шляху. Некторыя рэлігійныя фанатыкі нават заклікалі спаліць бібліятэку. Жыхары Александрыі сталі вакол бібліятэкі жывым ланцугом, каб яе абараніць, і прастаялі так колькі сутак…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя