Альшаны – царква, якая не раз гарэла, але адбудоўвалася



Альшаны – мясцовасць на сумежжы сучасных Гомельскай і Берасцейскай абласцей, па дарозе з Турава ў Давыд-Гарадок. Стаяць Альшаны каля аднайменнага возера, а адміністрацыйна яны прыналежаць да Столінскага раёну.

Упершыню ў гістарычных крыніцах паселішча згадваецца пад 1392 годам як вёска Альшыня. У 1773 годзе тут быў пабудаваны першы праваслаўны храм, які згарэў у 1863 годзе. У 1886 годзе царкву адбудавалі, аднак амаль праз стагоддзе – ужо ў 1984 годзе – яе зноў спасцігнуў знішчальны пажар. Праз трынаццаць гадоў – у 1997-ым – храм быў адбудаваны і асвечаны ў гонар Святой Вялікамучаніцы Параскевы. Усю гэтую інфармацыю можна прачытаць на адмыслова ўсталяваным камяні праз дарогу ад царквы.

З архітэктурнага гледзішча шматкупальная царква ў Альшанах – помнік так званага рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана яна з чырвонай цэглы, але мае і драўляныя элементы, аздоблена знешне прыгожымі абразамі.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара