Апошні прытулак марадзёра. Ітака



Аднойчы невялічкі атрад вайскоўцаў вяртаўся з вайны. Як і мае быць, вяртанне гэтае забрало часу куды болей, чым дарога на фронт; шчаслівыя пераможцы па дарозе дахаты займаліся рабаваннямі, гвалтаваннямі ды іншымі паскудствамі. Больш за ўсё паскуднічаў камандзір – хітры, спраўны і даволі харызматычны мярзотнік. Ён без ваганняў ахвяраваў сябрамі, рабіў гнюсныя правакацыі, нішчыў чужое майно і, натуральна, здраджваў жонцы, якая сумленна чакала яго ўдома.

optimized-itaka_05

Урэшце-рэшт, увесь ягоны атрад быў знішчаны, а сам камандзір, пасля карказломных ліхтугаў, вярнуўся дахаты, пазабіваў там усіх ворагаў, пасля чаго жыў з жонкай і сынам доўга і шчасліва.

Подзьвігі гэтага мярзотніка дайшлі да нас дзякуючы ветэранам іншых вайсоквых атрадаў – з тых, каму таксама пашчасціла вярнуцца дахаты. Ветэраны тыя бадзяліся па рынках і плошчах, дзе за лусту хлеба і шклянку віна спявалі ўсім і кожнаму пра подзвігі хітрамудрага марадзёра.

Гадоў гэтак праз васемсот пасля тых падзеяў нейкі падазроны сляпы звёў усе ветэранскія байкі ў два корпусы тэкстаў, вядомы нам цяпер як “Іліяда” і “Адысея”…

…На добры розум, галоўны подзвіг Адысея – толькі ў тым, што ён перажыў усіх ворагаў. Народу не цікавыя адоленыя, і таму сляпыя аэды склалі песьні адно пра пераможцу. Дзякуючы гэтаму цар Ітакі і застаўся ў памяці спаткаемцаў прыгожым, разумным і высокародным. Такім яго пагэтуль уважаюць на выспе Ітака, адкуль Адысей, згодна аповядаў, і выправіўся ў вайсковую экспедыцыю, якая заняла ў яго дзесяць гадоў.

Цяперашняя Ітака – маланаселеная выспа з букалістычнымі прыгажосцямі. Гарачы водар палявых кветак, пранізлівы аквамарын мора, пячоры і гроты, так ці інакш звязаныя з імём самага знакамітага ўраджэнца выспы…

І, напэўна, у кожнага, хто аглядае Ітаку з борта яхты, міжволі ўзнікае думка: “І што ж табе, Адысей, тут не сядзелася?”

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя