Арляняты – вёска чатырох Станкевічаў



Вёска гэтая з першага погляду зусім непрыкметная, знаходзіцца яна недалёка ад літоўскай мяжы. Арляняты ўваходзяць у склад Крэўскага сельсавету. Праўда раней адміністрацыйна яны былі ў Ардашынсім сельсавеце, пасля яго ліквідацыі 25 чэрвеня 2008 году Арляняты прыпісаныя ўжо да Крэва. Вёска знакамітая найперш тым, што яна дала Беларусі адразу чатырох выдатных дзеячаў з прозвішчам Станкевіч. Гэта беларускі паэт Станіслаў Станкевіч (нарадзіўся ў 1886-ым), мовазнавец Янка Станкевіч (1891-ым), святар Адам Станкевіч (1892-ым), а таксама рэдактар і палітык Станіслаў Станкевіч (1907-ым). У гістарычнай літаратуры іх часта блытаюць. Каб пазбегнуць блытаніны, у міжваенны час у віленскім беларускім асяродку Станкевічам нават далі адмысловыя прыдомкі і называлі Станкевіч-святар, Станкевіч-спадар і Станкевіч-кнігар. Лёс Станкевічаў склаўся па-рознаму. Адама Станкевіча загубілі ў савецкім канцлагеры пад Тайшэтам, іншыя дажылі да старасці. Хоць Станкевіч-кнігар таксама быў высланы ў сталінскі канцлангер, але выжыў і вярнуўся на радзіму. Іншыя двух Станкевічаў скончылі жыццёвы шлях у Амерыцы.

Што датычыць назвы Арляняты, то тут усё не так проста. Да птушкі арол тапонім ніякага дачынення ня мае. Рэч у тым, што раней мясцовасць называлі Вурляняты і семантыка гэтага слова сягае найверагодней яшчэ ў часы, калі ў наваколлях пасяліліся татары, прывезеныя ў ВКЛ князем Вітаўтам. Вядома, што татары былі актыўна задзейнічаны пры пабудове Крэўскага замка, а кампактныя іх пасяленні былі ў навакольных Барунах і Ардашах.

Вёсачка гэтая сапраўды малапрыкметная, але нейкая вельмі прасветленая і ўтульная. Захавалася адна з хатаў Станкевічаў, дзе зараз жывуць зусім чужыя людзі і пляц, абсаджаны дрэвамі. У хаце сярод розных карцінак вісіць партрэт Адама Станкевіча. На мясцовых могілках можна ўбачыць два сціплыя помнікі ў адной агароджы. Адзін з іх бацьку Адама Станкевіча – Вінцэнту, эпітафія на ім выбіта па-беларуску лацінкай. На другім сімвалічным помніку Адаму Станкевічу напіс кірыліцай, з такімі вершаванымі радкамі ўнізе:

Высока ў буру і ў пагоду

Ты родны сцяг і крыж трымаў

Між беларускага народу

Святую праўду засяваў.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара