„Арт Сядзіба” запрашае на вандроўку ў Вільню



Незалежная культурніцкая пляцоўка „Арт Сядзіба” запрашае 21-22 студзеня 2017 далучыцца да вандроўкі ў Вільню, прысвечанай 125-годдзю Браніслава Тарашкевіча, выдатнага беларускага дзеяча, палітыка, пісьменніка, навукоўцы-мовазнаўца, стваральніка першага ўнармаванага правапісу сучаснай беларускай мовы.

15732361_1685143988442598_6260505922108594559_o

У межах вандроўкі ў Вільні адбудзецца паказ нашумелага спектаклю „Браніслаў. Сцэны з жыцця і сноў”, прысвечаны пакручастаму і трагічнаму лёсу Тарашкевіча. Спектакль „Браніслаў” ёсць першым спэктаклем „Арт Сядзібы”. Прэм’ера спектаклю адбылася ў 2015 годзе, у Менску на сцэне тэатра БДУ „На балконе”. Але пасля 2-х паказаў спектакль быў адменены, фактычна забаронены, і з таго часу ягоныя пастаноўкі ладзіліся напаўпадпольна.

У пастанове задзейнічаныя студэнты тэатральных універсытэтаў, акторы-аматары, людзі розных прафесіяў. Але ўсе яны звязаныя адной ідэяй – любою да Беларусі, беларускай мовы і жаданнем асвятліць невядомыя эпізоды беларускай гісторыі і культуры.

Падчас вандроўкі адбудзецца экскурсія па Лаварышках – мясціне, адкуль паходзіць Браніслаў Тарашкевіч, дзе таксама жыў і працаваў арганістам у касцёле іншы вядомы беларускі дзеяч і юбіляр 2017-га года Ян Пазьняк, дзед Зянона Станіслававіча Пазьняка.

Адбудзецца вандроўка па беларускіх мясцінах Вільні, у прыватнасці па мясцінах, звязаных з Тарашкевічам ды іншымі беларускімі дзеячамі першай паловы XX ст.

А таксама ў межах вандроўкі плануецца наведванне музея КДБ і мемарыяльнага комплексу-сядзібы „Парк Тускулену”, аналага нашых Курапатаў.

Для кожнага ўдзельніка вандроўкі адкрываецца бясплатная аднаразовая віза! Каб запісацца на вандроўку, да 10 студзеня трэба даслаць на е-мэйл [email protected] свае кантакты і пашпартныя дадзеныя (Імя і Прозвішча лацінкай як у пашпарце, дату нараджэння, нумар пашпарту і прапіску), а таксама інфармацыю пра патрэбу ў ШЭНГЕН-візе!

Запіс і ўся дадатковая інфармацыя: па тэл. +375 29 1342804, +375 25 5458430 (Валерыя)

15774883_1685144125109251_1219027985727842434_o

artsiadziba.by