Астрог — амаль тыповае валынскае мястэчка



Райцэнтр Астрог, што ў Ровенскай вобласці, мае пятнаццаць тысяч насельніцтва і па рытміцы жыцця вельмі падобны на якія Глыбокае ці Наваградак. Астрог можна было бы назваць тыповым валынскім мястэчкам, калі б не дзве адметнасці: магутны замак, які калісь належаў славутаму роду князёў Астрожскіх, і Нацыянальны ўніверсітэт «Астрожская Акадэмія», дзе студэнтаў навучаецца крыху менш, чым жыве ў Астрозе людзей.

І Замак, і Акадэмія вартыя асобнага аповеду, а таму апранемся пацяплей, насунем каўнеры і пашпацыруем па зімовым гарадку. А я паспрабую пабыць вашым экскурсаводам з класічным “паглядзіце направа” і “збочым налева”.

Бачыце сярэднявечную вежу насупраць Замка? Называецца яна Луцкая надбрамная. Калісьці ад гэтай вежы  і да іншых цягнуліся даўжэзныя муры, якія  баранілі жыхароў ад варожых навал. Большасць абарончых спарудаў не захавалася, але калі вы збочыце ў прыватны сектар, то пабачыце яшчэ адну вежу – Татарскую. Яна стаіць проста на прыватных градах, але нікому не забараняецца залезці на верхатуру і агледзіць адтуль наваколлі. У часы росквіту Астрога тут жыло каля пяцідзесяці тысяч чалавек, і горад гэты быў адным з найбуйнейшых на Валыні.

А вось тая шэрая будыніна – абарончая сінагога, ці не адзіная падобная сінагога ў свеце. Падчас татарскай аблогі прыхадні стралялі па сінагозе з гарматаў, і ядро, прабіўшы дах, звалілася проста ў цэнтры спаруды, дзе было процьма вернікаў, але нікога не забіла. Яўрэі палічылі гэта за цуд, і цяпер тое ядро – у тутэйшым музеі. Толькі не думайце, што тутэйшыя яўрэі заўсёды варагавалі з мусульманамі-татарамі. Калі чатырыста гадоў таму гайдамакі вырашылі зладзіць у Астрозе пагром, першымі, хто заступіўся за яўрэяў, былі акурат татары…

А гэтыя дамкі, збудаваныя ў стылі мадэрн напачатку ХХ стагоддзя, захаваліся амаль без зменаў. І нават паднаўляюцца менавіта ў тыя колеры, як і сто гадоў таму.

Вам ужо халодна? То давайце пасядзім у якім кафэ, і вы задасцё мне пытанні. Што, кажаце, вас найбольш здзівіла ў гэтым мястэчку? Адсутнасць помнікаў Леніну, Дзяржынскаму і Калініну, як у нас у якіх Глыбокім і Наваградку?

А ў Астрозе даўно ўжо ўцямілі, што гэтыя персанажы – не іх, а чужынскія, прыўнесеныя звонку. Чаго не скажаш пра нас, беларусаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя