Астрог. Мястэчка, дзе кожны трэці – студэнт



Калі верыць Вікіпедыі, то ў райцэнтры Астрог, што на Ровеншчыне, жыве каля пятнаццаці тысяч месцічаў. Паводле той жа Вікіпедыі, у Нацыянальным універсітэце “Астрожская Акадэмія” вучыцца каля дзесяці тысяч студэнтаў.

Студэнты ў Астрозе – людзі выхаваныя і культурныя. Прынамсі, ніякіх праблем мясцовым яны не ствараюць. Недабразычліўцы тлумачаць гэта так: маўляў, у мястэчку няма ані тлумных клубаў, ані пажыўных алкагольных гандэлкаў, ані іншых сталічных спакусаў, няма дзе тым студэнтам разыйсціся, таму ім і застаецца адно вучыцца, вучыцца і вучыцца. Але ж будзем шчырымі: калі чалавеку схочацца знайсці бруд ці зрабіць вэрхал – ён зробіць гэта і без усялякіх гандэлкаў.

Калі вы пазнаёміцеся са студэнтам Астрожскай акадэміі і ў яго будзе вольны час, ён абавязкова раскажа вам пра гісторыю ўстановы. Тут будуць фігураваць і 1576 год – час заснавання Акадэміі, і друкар Іван Фёдараў з-пад Вілейкі, якога нашыя ўсходнія суседзі з прычыны браку ўласных нацыянальных герояў прыватызавалі пад выдуманай мянушкай “Іван Масквіцянін”, і Мялецій Сматрыцкі, і Андрэй Рымша, і яшчэ купа славутых украінскіх, беларускіх і польскіх асветнікаў і адраджэнцаў. І, вядома ж, шматлікія князі Астрожскія, чый радавы замак узывашаецца ў якіх трохстах метрах ад Акадэміі.

Калі ж увечары такі студэнт запросіць вас у кампанію, каб працягнуць аповяд пра асаблівасці тутэйшага навучання і калі ў тае кампаніі вам прапануюць кульнуць чарку за Акадэмію, то можаце быць упэўненымі: студэнцкія пасядзелкі будуць ціхамірнымі і культурнымі, як і мае быць у цывілізаваных людзей.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя