„Белавія” пачала выконваць рэгулярныя рэйсы ў Брусель



Авіякампанія „Белавія” 27 красавіка адкрыла новы рэгулярны рэйс па маршруце Менск — Брусель — Менск.

Як паведамляе „Белавія”, палёты будуць ажыццяўляцца тры разы на тыдзень з вылетам з Менска ў 9.40 і прыбыццём у аэрапорт Брусель-Шарлеруа ў 11.25 (час мясцовы) па панядзелках, чацвяргах і суботах. Час у палёце складзе 2 гадзіны 45 хвілін. Зваротны рэйс з Бруселя будзе ажыццяўляцца з вылетам у 12.00 і прылётам у нацыянальны аэрапорт Менск у 15.40 (час мясцовы). Кошт квіткоў у адзін бок складзе ад 89 еўра, уключаючы таксы і зборы, і ад 175 еўра — туды і назад.

„Белавія” разлічвае на павелічэнне плыні ў краіны Бенілюкса, у Паўночную Францыю і заходнюю частку Германіі. Дзякуючы адкрыццю гэтага рэйса прадстаўнікі як бізнэс-колаў, так і навуковых і грамадскіх сфер дзейнасці змогуць найбольш актыўна развіваць партнёрскія адносіны з міжнароднымі калегамі. Акрамя таго, авіякампанія таксама разлічвае за кошт адкрыцця рэйса на далейшае павелічэнне транзітнага патоку праз свой базавы аэрапорт у Менску.

„Белавія” ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы па 49 маршрутах у 27 краін Еўропы і Азіі.

belapan.by