Брно – горад з паштовай маркі



Даўно марыў наведаць Брно, цікавыя мясціны якога ўзгадваюцца мне з паштовых марак у маёй калекцыі. І ўдалося наведаць яго ўпершыню ў сваім жыцці ў ліпені гэтага году, калі сям’ёй вярталіся з доўгага падарожжа. Горад, над якім узвышаецца сабор Пятра і Паўла, здзіўляе сваёй прыгажосцю. Сталіца старажытнай Маравіі і другі па велічыні горад сучаснай Чэхіі, горад, на які вялікі ўплыў аказалі немцы, што пражывалі тут стагоддзямі, і таму архітэктура гораду нагадвае старажытныя нямецкія гарады, а з бліжэйшых гарадоў, у якіх мне даводзіліся бываць, вельмі нагадвае Львоў.

Калі вы прыедзеце ў Брно хаця б на некалькі гадзін, вельмі раю пабачыць яго знакамітасці: старажытную чыгунку, што дзейнічае ў горадзе з 1839 году, пешыя вулачкі і будынкі старажытных храмаў і, канешне, раю праехацца трамвайчыкам у Брно, які пракоціць вас па знакамітых старажытных вулачках.

Каб пад’есці ў горадзе, можна завітаць у любы рэстаранчык ці кавярню, дзе хутка прыгатуюць гуляш ці смачнае мяса на грылі. А чэшскае піва л’ецца ў Брно ракою, яго п’юць, у залежнасці ад гатункаў, і стары, і маладзён, і маладая дзяўчына, і старэйшая кабета з мунштуком у роце.

Кавярні гораду вельмі розныя як па сваіх памерах, так і па сваёй тэматыцы. Невялікі бар для раварыстаў, дзе можна пачуць жывую музыку і побач вялізная двухпавярховая будыніна нацыянальнай кухні, невялікі грыль – а побач кавярня, дзе можна паспрабаваць некалькі дзясяткаў гатункаў чэшскага піва.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя