Брызгалаўка – легенда Жодзіна



Найноўшая гісторыя горада Жодзіна бярэ выток з гэтай падзеі – у 1951 годзе на беразе рачулкі Пліса побач з вёскай Жодзіна была пабудавана Смалявіцкая ДРЭС. Дзеля гэтага рачулку запрудзілі і зрабілі водасховішча, а побач узвялі пасёлак для энергетыкаў. Гэта ўжо пазней пачынаецца гісторыя Беларускага аўтамаільнага завода, які стаў горадаўтваральным прадпрыемствам Жодзіна.

Але нашая гісторыя як раз пра цеплавую станцыю і вадасховішча. Напачатку станцыя мела вялікія лішкі гарачай вады. Горада яшчэ не было. На вадасховішчы пабудавалі адмысловыя зліўныя канструкцыі і гарачую ваду пачалі зліваць у вадасховішча. Так нарадзілася славутая Брызгалаўка – вадасховішча з цёплай вадой, якое амаль ніколі не замерзала. Тут пабудавалі адкрыты басейн і нават існавала свая ватэрпольная каманда. Гэты „райскі куточак” стаў любімым месцам адпачынку жодзінцаў. Пра Брызгалаўку пісалі вершы і апавяданні, мясцовыя краявіды малявалі мастакі.

Bryzgalauka

Краязнаўца і настаўніца Ірына Згрундо (на фота: малодшая дзяўчынка) з бацькам і сястрой на беразе Брызгалаўкі.

У 80-х гадах Жодзіна пачало актыўна расці і для абагрэву горада трэба было ўсё больш і больш гарачай вады. Сістэму зліву ліквідавалі, ад яе засталіся толькі бетонныя рэшткі. Басейн сам прыйшоў у занядбанне і яго таксама разабралі. Але легенда пра Брызгалаўку жыве ў Жодзіне і дасёння.

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара