“Букавель” эканом-класа для беларусаў



На дварэ крызіс, і ў кішэні беларусаў не шамацяць лішнія зялёныя паперкі на зімовы адпачынак за мяжой. Але адпачыць усё ж такі хочацца, і мы шукаем такія варыянты, каб танна і сярдзіта. Тры толькі мною ўбачаныя аўтобусы з берасцейскімі нумарамі ва ўкраінскім “Букавелі” сведчаць пра тое, што названы гарналыжны курорт задавальняе беларусаў нават у сённяшняй эканамічнай сітуацыі. Давайце зірнем на кошты.

1

2

3

4

Берасцейцы за 15 год існавання “Букавеля” набылі звычку там адпачываць, і часта дабіраюцца да Карпат самастойна. Але можна карыстацца і паслугамі турфірм, асабліва пры першай вандроўцы. Тураператар паклапоціцца і пра аўтобус, і пражыванне, і штодзённую дастаўку турыста з месца пражывання на курорт. За ўсё разам, уключна з пражываннем і двухразовым харчаваннем, давядзецца заплаціць у сярэднім 110 даляраў з чалавека. Даволі дэмакратычны кошт тлумачыцца тым, што турыстаў селяць не на тэрыторыі курорта, а ў прылеглых сёлах.

Жыць можна і ў самім “Букавелі”, але каштуе гэта ў залежнасці ад сезона ад 35 да 70 даляраў у суткі за двухмясцовы нумар эканом-класа ў гасцініцы. Гэта, натуральна, без харчавання. Кошты за шыкоўныя шале вымяраюцца ўжо сотнямі даляраў у суткі.

5 6

7

8Пасля разлікаў з турфірмай наступнымі выдаткамі будзе пракат горналыжнай амуніцыі і набыццё “скі-пасаў” – квіткоў на катанне. Пры гэтым амуніцыю таксама можна знайсці па-за межамі курорта па больш нізкіх цэнах. Напрыклад, невялікі пракатны пункт у мястэчку Ясеня прапануе камплект (лыжы, боты, шлем і кійкі) за 3,5 даляра ў суткі. Той жа камплект у “Букавелі” абыдзецца лыжніку ў 1,5 – 4  разы даражэй, у залежнасці ад класа камплекта.

На скі-пасах зэканоміць цяжэй, прынамсі ў тым сэнсе, што набыць квіткі па-за межамі “Букавеля” не атрымаецца. Адзін пад’ём на пад’ёмніку каштуе 75 грывен (3 даляры), абанемент на цэлы дзень – 700 грывен (адпаведна каля 28 даляраў). Да дзевяці раніцы дзейнічае акцыя, калі абанемент на дзень можна купіць за 550 грывен. Нескарыстаныя да канца дня абанементы ў касы не прымаюцца, але многія паспяхова збываюць іх з рук у рукі.

Навічкам ёсць сэнс набываць дадаткова паслугі лыжнага інструктара. Гэта яшчэ 500 грывен, ці трохі танней, калі замаўляць групавыя заняткі. Ёсць асобная лыжная школа для дзяцей. Я, напрыклад, пакуль назірала за дзіцячымі заняткамі, шчыра зайздросціла малышні. З дарослымі так сумленна не займаюцца, як мне падалося.

9

10

11

12

Двухразовага харчавання ў гасцінным гуцульскім доме не хопіць, каб мацавацца пасля актыўных заняткаў спортам. Таму пры планаванні бюджэта паездкі давядзецца закласці пэўныя грошы і на абеды.

На тэрыторыі “Букавеля” ёсць вялікая колькасць кавярняў і рэстаранаў розных коштавых катэгорый. Ва ўстановах сярэдняга класа поўны абед на дзве персоны (боршч, другая страва, гарбата і дэсерт) абыдзецца прыкладна ў 600 грывен, ці 24 даляры. Адносна беларускіх коштаў гэта не дорага, тым больш што праца кухараў заслугоўвае шчырай ухвалы.

Для параўнання заўважу, што абед у рэстарацыі Івана-Франкоўска – а гэта абласны цэнтр, да якога адносіцца “Букавель”, – лёгка ўмяшчаецца ў 400 грывен. Як кажуць, адчуйце розніцу.

13

14

З “Букавеля”, як і ўвогуле з Карпат, цяжка з’ехаць без сувеніраў і іншых пакупак. На курорце ёсць шэраг крам і шапікаў з фірмовымі рэчамі. Калі б я не ведала, што курорт належыць прыватным асобам, то я здагадалася б пра гэта менавіта па шматстайнасці фірмовых сувеніраў. Дзяржаўнае прадпрыемства ніколі не бывае настолькі маркетынгава граматным і прадпрымальным, каб прапанаваць пакупнікам столькі прывабнага тавару. Лагатып “Букавеля” можна сустрэць тут літаральна на ўсім – ад драўлянай лапаткі да верхняй вопраткі. Часта сімволіка курорта перасякаецца з нацыянальнай украінскай, што не дзіўна, улічваючы, што асноўны ўласнік “Букавеля” – Ігар Каламойскі. У адной з сувенірных крам знаходзіцца нават капілка на карысць украінскай арміі ў зоне супраць-тэрарэстычнай аперацыі. І калі пра тое пайшла гаворка, то на зваротным баку кожнага скі-паса размешчаны лозунг “Слава Украіне! Героям слава!”.

Акрамя фірмовых букавельскіх сувеніраў, на курорце можна набыць і тыпова карпацкія. Праўда, сэнсу ў іх набыцці тут няма ніякага, бо тое самае можна купіць танней на некурортных сувенірных рынках. Напрыклад, калі ў “Букавелі” пачак зёлак каштуе 30 грывен (крыху больш за даляр), то на рынку ў Ярэмчэ – толькі 15 грывен. Ваўняныя і драўляныя вырабы даражэйшыя на курорце хай і не ўдвая, але ўсё ж даражэйшыя. Гэтаксама ёсць сэнс пацярпець з пакупкай сушаных белых грыбоў, мёду і віна.

15

16

Канчатковы кошт знаходжання на гарналыжным курорце “Букавель” залежыць ад размаху адпачынку. Беларусы звычайна моцна не размахваюцца, таму і без асаблівых праблем могуць яго сабе дазволіць. На карысць гэтага гаворыць хоць бы той факт, што турфірмы асобна арганізуюць такія паедзкі для студэнтаў.

Увогуле ўражанні ад курорта прыкладна такія ж, як ад наведвання Адэсы ці ранейшага Крыма. Пасільныя кошты, зразумелая мова, подых вольнага паветра – з аднаго боку, і недасканалая інфраструктура, бруд пад нагамі – з другога. Так што “Букавель” – гэта тыповая Украіна, за што ён і падабаецца адным і раздражняе іншых.

17

18

19

20

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя