Дамачава: загадка адных могілак



У берасцейцаў назва “Дамачава” асацыюецца найперш з памежным пераходам на беларуска-польскай мяжы. Мала хто з падарожнікаў перад самай мяжой паварочвае налева, па запрашэнні дарожнага знака з назвай вёскі. Тое самае і на зваротнай дарозе: нават калі хтосьці вельмі стаміўся і пачаў думаць пра прыдарожны гатэль, па заканчэнні мытна-памежных фармальнасцяў у яго адкрываецца другое дыханне, якога дакладна хапае на пераадоленне апошніх 50 кіламетраў да абласнога цэнтра.

Так што само Дамачава – у мінулым, між іншым, раённы цэнтр! – застаецца ў цені памежнага перахода. Многія з нас не ведаюць, як яно выглядае сёння, не кажучы ўжо пра мінулае мястэчка. А там ёсць свае таямніцы.

Беглы агляд

За 20 год стабільнасці ўсе малыя гарадкі ды мястэчкі Беларусі набылі прыкладна аднолькавы выгляд. Зірнуўшы на Дамачава, таксама хочацца спытаць, ці не было тут Дажынак: добры асфальт, абноўленыя фасады дамоў на галоўных вуліцах, паркоўкі ля муніцыпальных будынкаў натыкаюць менавіта на гэтую думку. Хоць, канешне, Дажынак тут быць не магло – не раённы горад, таму Дамачава сваім дабрабытам абавязана зноў мяжы.

Як кажа карэнны жыхар Аляксандр Баглай, у 90-я тут ніхто з маладых па-іншаму і не працаваў, як ездзіў у Польшчу па тры разы на дзень. Вазілі паліва і цыгарэты, назад прывозячы даляры на новыя дамы і машыны. Цяпер ужо бізнес заняпаў, кажа дзед. Ездзяць, але ўжо вязуць даляры туды, а назад прывозяць танныя тавары. Ды і не замест працы, а ў дадатак да яе, бо з працай тут больш-менш улагодзілася. У Дамачаве колькі рабочых месцаў дае адукацыя, пошта, гандаль, дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, некалькі дробных прадпрыемстваў, тая ж мяжа (у мяне дзед запытваў, ці не хачу пайсці страхавым агентам). А галоўным працадаўцам з’яўляецца Камароўская птушкафабрыка.

Нямецкія могілкі

У Дамачаве ёсць, што паглядзець, але мяне адразу заінтрыгавалі лютэранскія могілкі, якія згадваюцца ў спісах мясцовых цікавостак. Стала цікава: а як апынуліся ў гэтым праваслаўна-каталіцка-юдзейскім краі лютэране? Я не спадзявалася знайсці адказ на могілках, але іх саміх знайсці хацела. Аказалася гэта не так і лёгка, але пасля некаторых блуканняў і перапытванняў я нарэшце адчула, што вялікі пагорак сярод лесу, з высокім дубам ля схіла – гэта і ёсць тое самае месца.

dam 9

Спрэс зарослае ландышам і акацыяй месца апошняга спачыну лютэран не ўражвае вялікай колькасцю помнікаў: іх засталося літаральна некалькі. На адным-двух можна расчытаць элементы польскага тэксту, а перад імі заўважыць ямы – сляды дзейнасці скарбашукальнікаў.

dam 10

dam 11

dam 12

Пасля ўбачаных надпісаў у галаве намаляваўся вобраз палякаў-лютэран, і так бы ён там і жыў, каб той жа Аляксандр Баглай не спытаў: “А на нямецкія могілкі вы хадзілі?”. І тут жа, не міргнуўшы вокам, патлумачыў, што могілкі нямецкія, але хавалі на іх галандцаў, якіх Кацярына ІІ запрасіла сюды, каб навучыць нашых людзей гаспадарыць. І не трэба смяяцца: у ваколіцах мястэчка гэта натуральная блытаніна. Ніхто не ведае дакладна, кім жа былі перасяленцы – палякамі, немцамі ці галандцамі, – але ўсе ведаюць, што называліся яны “галёндрамі”, жылі абапал Буга і былі не самымі беднымі людзьмі. Дзед Аляксандр упэўнена расказвае, што высялілі “галёндраў” адсюль у 1939 годзе, калі па Бузе ўсталявалі новую савецка-польскую мяжу. “Мы яшчэ падлеткамі бегалі на тую Галандыю і вокны ў хатах білі. Яны ж хаты ды ўсё папакідалі, забіралі толькі тое, што можна было звесці”. Хаты “галёндраў” пасля савецкія ўлады раздавалі людзям узамен згарэлых у вайну, а гектары іх зямлі аддалі калгасу.

Аляксандр Баглай дадаў яшчэ, што неяк, калі цукровы дыябет яшчэ не пазбавіў яго нагі, ён пас кароў, да яго падыходзілі нашчадкі тых “галёндраў” і распытвалі пра могілкі. Ён паказаў і расказаў, што памятае цяперашні зарослы пагорак яшчэ агароджаным, з уваходнай брамай і шэрагам канадскіх сосен, якія служылі своеасаблівай мяжой паміж захаваннямі ўласна лютэран і баптыстаў. Памятае таксама, як пазней агароджу разам з металічнымі крыжамі прадалі на металалом, “як то ўсё ў рускага Івана”.

Хто не ведае “галёндраў”? “Галёндраў” ведаюць усе

“Галёндраў” памятаюць не толькі ў Дамачаве, але і навакольных вёсках. Напрыклад, у Ляплёўцы. Многія з галандцаў куплялі тут зямлю ў часы міжваеннай Польшчы і цалкам зліліся ў свядомасці тутэйшых беларусаў з польскімі асаднікамі. “Гэта былі палякі! “Галёндры” – гэта палякі і каталікі!” – упэўнена сцвярджае больш як 90-гадовая Ганна Панасюк. Некаторыя паўтараюць папулярную версію пра немцаў эпохі Кацярыны ІІ, якія да ХХ стагоддзя ўжо апалячыліся. Яны, па ўспамінах бабулек, гаварылі на мясцовым дыялекце, польскую мову выкарыстоўваючы ў афіцыйных зносінах.

Ад людзей можна пачуць, што “галёндры” першымі ў гэтых мясцінах развялі фруктовыя сады ды садовыя ягады. Беларусы-сяляне хадзілі да каланістаў падпрацоўваць, і часта атрымлівалі за гэта менавіта дэлікатэсныя ў тыя часы грушы і яблыкі. Адна з бабуль пераказала нават, як улезла ў агарод з трускаўкамі, які належаў некаму з “галёндраў”, за што і атрымала кухталёў.

А яшчэ ў памяці жыхароў дамачаўскіх ваколіц надзейна трымаецца ўспамін, што “олендры” не пасвілі кароў. Гектары ўласнай зямлі дазвалялі ім рабіць агароджаныя загоны і пераганяць статкі з месца на месца. Гэта было дзівам і мерылам заможнасці ў разуменні нашых сялян.

Супярэчнасці ва ўспамінах з’яўляюцца толькі тады, калі старажылы прыгадваюць пра адносіны “галёндраў” да мясцовых. У Ляплёўцы найчасцей скажуць, што вялікіх канфліктаў не было. А вось у Падлужжы карціна паўстане не такой ідылічнай. Марыя Трыбунько прыгадвае моладзевыя разборкі, калі па вечарах, як сцямнее, “палякі і немцы” чакалі, калі будуць вяртацца з Дамачава беларускія сяляне, і ініцыявалі бойку. Ды і пра дарослых згадвае ў тым жа ключы: “Усе лепшыя землі былі ў іх. Яны нават нас па шчаўе не пускалі – гналі, як сабак. Мы ведалі адно пясок”. Зрэшты, і ў Ляплёўцы выплыў адзін выпадак, калі сын “олендра” без дай прычыны ўдарыў бізуном дзяўчыну. Тое, мусіць, назаўжды і забылася б, каб ён сам, ужо сівым дзедам, не прыехаў з Польшчы знайсці яе і папрасіць прабачэння. На яго шчасце, дзяўчына, якая даўно стала бабуляй, яшчэ жыла і жыве дагэтуль. Відаць, сацыяльная прорва між багатымі і беднымі заўжды будзе даваць пра сябе ведаць. Нацыянальнасць не адыгрывае тут ніякай ролі.

Што не згадаюць людзі, скажуць архівы

Падарожжа па Дамачаве і яго сатэлітах ўпэўнівае, што “галёндры”, кім бы яны не былі – немцамі, галандцамі ці палякамі, некалі адыгрывалі тут выключную ролю. Іх памятаюць, а месцы найбольш кампактнага іх пражывання – калоніі – дагэтуль называюць на мясцовы лад “олЕндрамі”. Часам дамачаўскія “галёндры” нагадваюць пра сябе сваімі нашчадкамі, што прыязджаюць з Польшчы і Нямеччыны паглядзець дзядоўскія мясціны. Цікавяцца тэмай і мясцовыя краязнаўцы, што відаць па сайце www.domachevo.com. Дарэчы, прабелы ў гісторыі дамачаўскіх “галёндраў”, што застаюцца пасля размоў з людзьмі, добра тут праясняюцца.

Як праясняюцца яны і ў гутарцы з кандыдатам гістарычных навук Яўгенам Разенблатам, які даследуе нацыянальныя меншасці. Так і высвятляецца, што “галёндры” – гэта ўсё ж такі галандцы, якія з’явіліся на берагах Буга яшчэ ў XVI стагоддзі пасля запрашэння магнатаў пратэнстанскага веравызнання. Гэта былі звычайныя заможныя сяляне, якія зараблялі на жыццё земляробствам і перагонам быдла з Валыні на Памор’е. Ля Дамачава яны доўга жылі сваёй закрытай грамадой, у дзвюх калоніях Нейдорф і Няйброў, мелі ўласную кірху. Пазней пачалі скупляць землі за межамі калоній і рассяліліся больш шырока.

Яўген Разенблат не выключае, што было і нейкае нямецкае перасяленне 18 стагоддзя, якое і нарадзіла версію пра кацярынінскі след у заснаванні калоній. Дарэчы сказаць, хоць перасяленцы і называліся галёндрамі, то бок галандцамі, ужо ў ХІХ стагоддзі яны ведалі ў лепшым выпадку толькі нямецкую мову і лічылі сябе немцамі. Гэта прызнавала і рэйхаўская Германія, называючы іх фольксдойчэ, а пасля і Германія паваенная.

Як зніклі ў нас “галёндры”, даволі лёгка ўявіць: з прыходам на гэтыя землі улады Саветаў. Пра гэта мы чуем ад старажылаў, якія яшчэ памятаюць перадваеннае і паваеннае адсяленне. Але гэта насамрэч няпоўная праўда. З гістарычных крыніц вынікае, што пакідаць ваколіцы Дамачава “галёндры” пачалі яшчэ ў час Сталыпінскіх рэформ, калі перабіраліся ў Сібір, дзе і дагэтуль жывуць іх нашчадкі.

Другая частка “галёндраў” ХХ стагоддзя яшчэ да вайны перасялілася ў Польшчу. На польскай тэрыторыі ў выніку аказаліся і самі калоніі Няйброў і Нейдорф, якія цяпер хаваюцца пад назвамі Mościce Dolne і Mościce Górne. А вось апошнія, самыя трывалыя дамачаўскія каланісты, і сапраўды выязджалі ў канцы 30-х – пачатку 40-х. Зноў жа – у Польшчу ці Германію. Адзінкі “галёндраў” адмовіліся ад вялікіх перамяшчэнняў і засталіся ў Беларусі. Але і ім прыйшлося адсяліцца да Буга, па якім прайшла мяжа.

Такія вось гісторыі хаваюцца пад высокімі дубамі на старых могілках. І не трэба нават магілы раскапваць – золата стагоддзяў ляжыць на паверхні.

dam 13

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі