Данюшава – храм на беразе Віліі і адзнакі Першай сусветнай вайны



Галоўнай візітоўкай вёскі Данюшава, што непадалёк Смаргоні і размяшчаецца на правым беразе Віліі, ёсць Троіцкі касцёл. Сучасны храм, які стаіць на ўскрайку вёскі, быў збудаваны ў 1809 годзе на месцы храма 1621 году. Касцёл абнесены мураванай агароджай, мае адметную браму і шатровую званіцу. Першы ж касцёл у Данюшаве быў заснаваны яшчэ ў 1483-ім годзе ўладальнікамі маёнтку Саковічамі. Пазнейшы драўляны храм дзеіў як парафіяльны касцёл Ашмянскага дэканату да другой паловы XVII ст., а потым як філія быў далучаны да парафіі з цэнтрам у Солах. У 1728-73 гг. тут працавала езуіцкая місія ад калегіума ў Жодзішках, якую заснаваў шляхціч Мікалай Кошыц.

На левай калоне галоўнага фасаду касцёлу знізу выбіта дата – 1902 г. У гэтым годзе скончылася рэканструкцыя святыні, якую вёў тагачасны пробашч Ніказыям-Юзаф Гінтаўт-Дзевялтоўскі з дапамогаю парафіян. Злева ад касцёлу грувасткі бутавы аднапавярховы будынак – у 1906 годзе святар Ян Курчэўскі пабудаваў яго як званіцу над косніцай (трупярняй). Зправа некалькі гадоў таму была ўсталявана каркасная званіца, а касцёльныя вежы абшыты бляхаю. Перад уваходам на касцёльную тэрыторыю ў Першую сусветную вайну германскія войскі ў гонар “паспяховай пераправы нямецкай кавалерыі праз Вілію ў гэтым месцы ў 1915г.” паставілі мемарыяльную каплічку ў выглядзе бутавай піраміды. У наш час зверху на ёй была ўсталявана фігура Дзевы Марыі. У час Першай Сусветнай вайны немцы разабралі званіцу і з яе цэглы выклалі грубкі ў касцёле, які прыстасавалі пад шпіталь. Старажытны звон знялі і адправілі ў Берлін – як асаблівую каштоўнасць. Ён быў вернуты толькі ў сярэдзіне 1920-ых гадоў. За касцёлам можна ўбачыць таксама магілы з нямецкімі напісамі і прозвішчамі – адзнакі Першай сусветнай.

У Данюшаве нарадзілася некалькі вельмі цікавых і неардынарных асобаў. Па-першае, гэта Янка Курчэўскі (1854-30.7.1917), вядомы беларускамоўны каталіцкі духоўнік, гісторык, педагог. Ён быў ахрышчаны ў мясцовым касцёле, потым тут служыў сам, стаў выдатным тэолагам.

Паходзіць адсюль і ксёндз-дысідэнт Іосіф Крапіўніцкі (1882-?). Ён працаваў у вёсцы Крывічы і быў засуджаны ўладай у 1946-ым годзе за “антысавецкую агітацыю” да 8 гадоў савецкага канцлягеру.

Нарадзіўся ў Данюшаве таксама беларускі паэт Станіслаў Шыманоўскі (1893-1920), век якога быў зусім кароткі. Шыманоўскі ваяваў у першую сусветную, вярнуўшыся дамоў у 1918-ым, парабкаваў, пісаў вершы. Друкаваўся з 1919-га у газетах «Беларус», «Крыніца», часопісе «Рунь». У сваіх вершах стварыў вобраз Радзімы, разбуранай у час вайны і здушанай голадам.

Прыгожыя навакольныя краявіды сёння азмрочвае надзвычай шкоднае з гледзішча экалогіі перапрацоўчае прадпрыемства, створанае тут нядаўна зусім непадалёк ракі Вілія.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

фота аўтара