Дарога да Мёртвага Мора



Ад самога дзяцінства сядзіць у зрокавая памяці карцінка з тэлевізійнай праграмы “Клуб вандроўнікаў”: камяністыя горы, бялёсыя воды і чалавек, які проста ляжыць на паверхні і чытае газету.

Optimized-mertvae_mora_1

Шчыра кажучы, я доўга не верыў у мажлівасць падобнага, пакуль не пабачыў Мёртвае мора на ўласныя вочы…

Мёртвае мора – гэта не яскравы аквамарын Міжземнага і не зеленкаватыя глыбіні Індыйскага акіяну. Тамтэйшыя воды, падобныя да густога алею, падаеюцца нерухомымі. Там не бывае штормаў, там не чуваць нават гучнага плёскату хваляў. Поўная адсутнасць раслінаў,  і распаленыя прыбярэжныя камяні, укрытыя салянымі асадкамі.

Як па мне, дарога да Мёртвага мора, калі ехаць на ізраільскі бераг з боку Сіная, цікавая не менш за сам водаём. Над шашой навісаюць шыкоўныя жоўта-барвовыя скалы, якія неўзабаве змяняюцца шэрымі пагоркамі. Раз-пораз трапляюцца і блок-посты ізраільскай арміі,  што цалкам слушна: усё ж лепш бачыць побач байца ЦАХАЛ, чым баявіка якой “Хезбалы”. А зусім блізка ўзбярэжжы адкрываецца суворы індустрыяльны краявід: завадскія коміны, гіганцкія стужачныя транспарцёры і вялізныя конусы солі. Соль у Мёртвым моры здаўна здабываюць у прамысловых маштабах для касметычных патрэбаў.

Яшчэ хвілін дзесяць – і вы на беразе.

З уласнага досведу высвятліў, што тэлевізійны “Клуб вандроўнікаў” не хлусіў: плаваць у Мёртвым моры на спіне і чытаць газету сапраўды магчыма. Але, крый Божа, каб тамтэйшая вада не патрапіла вам у рот: мярзотны горка-салоны прысмак сапсуе жыццё як мінімум на колькі гадзін.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя