Дарогі расейскай глыбінкі (абноўлена)



У глыбінцы Расеі жудасны стан пакрыцця шашы. Нават паміж буйнымі гарадамі. У гэтым пераканаўся гарадзенец Максім Губарэвіч, які за 12 дзён праехаў дзевяць тысячаў кіламетраў па гэтай краіне.

IMG_4823

– У Расеі ёсць зараз добрыя дарогі, але іх мала. Напрыклад, дарога з Варонежа да Масквы, пабудаваная да Алімпіяды, проста выдатная. Але яна невялікая і платная – праз кожныя некалькі кіламетраў стаяць шлагбаумы, і бяруцца грошы. Але сэрвіс выдатны. А калі давялося ехаць з Пензы да Саратава, хоць здавалася б гэта траса паміж буйнымі расейскімі гарадамі, то ў мяне да лецішча дарога лепшая, хоць яе не рамантавалі гадоў 15.

Гарадзенец таксама звярнуў увагу на небяспеку, якую нясе адсутнасць мяжы паміж РБ і РФ:

– Выпадкі, калі падманваюць, могуць пабіць, адабраць грошы – гэта ёсць. У плане арганізацыйным тое, што не маем мяжы – гэта таксама такі пэўны дысананс, бо прыязджаеш у іншую краіну, нічога не правяраюць. Я як чалавек, які ездзіў увесь час у Польшчу, у Літву, прызвычаіўся, што трэба паказваць пашпарт, а там проста праязджаеш. Гэта доўгі час неяк не давала спакою, як гэта ты праязджаеш мяжу, а цябе не правяраюць. Яны таксама могуць да нас праехаць абсалютна без праверкі.

Такі стан шашы ніяк не супадае, на думку Максіма Губарэвіча, з той телевізійнай расейскай прапагандай пра “вялікі крок наперад” расейскай індустрыі, якой кормяць беларусаў.

https://www.youtube.com/watch?v=22gTJ4YMqpc

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара і drive2.ru