Дарогі Шры Ланкі



На геаграфічнае мапе Шры Ланка падобная да кроплі, што сцякае з трохкутнага  індыйскага матэрыка. Згодна стараіндыйскага эпасу “Рамаяна”, першыя людзі акурат і прыбылі сюды з Індыі. Тамтэйшы каралевіч Рама пры дапамозе войска малпаў збудаваў на Шры Ланку гіганцкі мост. А каб камяні трымаліся на вадзе, індыйскі каралевіч напісаў на іх сакральныя мантры. Неўзабаве злыдух Рамана, які жыў на выспе, скраў у Рамы ягоную прыгажуню-донку Сіту. Але ж Рама з дапамогаю свайго сябры, правадыра малпаў Ханумана, перамаг дэмана. З тых часоў на Шры Ланцы і пасяліліся людзі…

За трохтысячагадовую гісторыю Шры Ланкі тут уладарылі і сінгалы, і партугальцы, і галандцы, і брытанцы. Поўнай незалежнасці астраўляне дамагліся толькі ў 1972 годзе.

Вандраваць па Шры Ланцы лепш за ўсё на машыне. Але будзьце асцярожныя: дарогі на выспе хаця і непаганыя, але ж вельмі вузкія, дый нязвыклы для нас левабаковы рух напэўна даецца ў знакі. Датаго ж, ланкійскія дарогі пасля беларускіх – праўдзівы хаос. Ровары, мапеды, матаролеры, грузавікі, аўтобусы, запражаныя валамі вазы, мотатаксі “тук-тукі” і нават сланы з паганятымі абсалютна не трымаюцца правілаў руху. Гукавы сігнал на Шры Ланцы – гэта не знак абурэння, а звычайнае папярэджанне. Прыярытэт маюць найбольш габарытныя аўтамабілі, але і яны паважліва прапускаюць сланоў…

На выспе жывуць два народы: сінгалы і тамілы. І тыя, і тыя – у пераважнае большасці неверагодна дабразычлівыя, гасцінныя і сціплыя людзі.

Калі вы паселіцеся ў невялічкім мястэчку на акіянскім узярэжжы, то будзье гатовыя, што на вуліцах з вамі абавязкова будуць вітацца тамтэйшыя дзеткі. Калі вы валодаеце ангельскай, можаце спыніцца з імі проста паразмаўляць – і тыя дзеткі абавязкова раскажуць вам і пра школу, і пра бацькоў, і пра гісторыю сваёй краіны. Ну, а вы ў сваю чаргу зможаце распавесці ім пра “Слёзы Тубі” Янкі Маўра – адзіны твор беларускай літаратуры, падзеі каторага разгортваюцца на Шры Ланцы…

Уладзіслаў Ахроменка, Беларуская Радыё Рацыя

Фота аўтара