Дэмбрава – сапегаўская мясціна над рэчкай Спушай



Дэмбрава – вёска на захадзе Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці, ляжыць над рачулкай Спушай у маляўнічай мясцовасці. Упершыню гэтая мясцовасць адзначаецца ў старажытных дакументах 16 ст. У тыя далёкія часы Дэмбрава згадваецца, як шляхецкае ўладанне ў Лідскім павеце Віленскага ваяводства. У 17 ст. населенаму пункту афіцыйна быў нададзены статус мястэчка. Уладальнікі гэтых земляў асадзілі ў мясцовасці місію езуітаў і матэрыяльна іх падтрымлівалі, а ў мястэчку дзеіў прыходскі касцёл. Кароль польскі і Вялікі князь літоўскі Ян ІІ Казімір Ваза перададаў дэмбраўскім манахам значныя зямельныя надзелы ў ваколіцах мястэчка. У новай мясцовасці, місіянеры вялі духоўную і дабрачынную дзейнасць. Акрамя гэтага мелі гаспадарку і займаліся ліхвярствам – пазыкай грошай пад працэнты.

У 1795 г., пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася ў складзе Расейскай імперыі і адносілася да Лідскага павету Віленскай губерні. Пра мястэчка тых часоў ёсць кароткая згадка ў “Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краінаў”.

Напрыканцы 19 ст. уладальнікамі Дэмбрава сталі прадстаўнікі роду Сапегаў. У мястэчку размяшчаўся іх гаспадарчы фальварак, кіраваў якім прызначаемы князямі эканом. У той час, самы яго ўладальнікі жылі ў маёнтку Старая Спуша (каля 4 км ад мястэчка). У 1877 г. гаспадаром Старой Спушы стаў Ян Павел Сапега. Яго ўнук Яўстах Каэтан у 1909 г. пабудаваў тут шыкоўны палац, які ў час першай сусветнай вайны быў спалены расейскімі войскамі.

З прыходам польскай улады мясцовасць увайшла спачатку ў Лідскі, а пасля 1929 г. у Шчучынскі павет Наваградскага ваяводства. Будынак сапегаўскага палацу аднавілі. Але праіснаваў ён нянадоўга. У час наступнай вайны пабудову знішчылі савецкія партызаны. Сёння пра маёнтак нагадваюць толькі рэшткі аднаго з драўляных будынкаў.

У наш час Дэмбрава – аграгарадок, цэнтр сельсавету. Сярод яго архітэктурных помнікаў можна адзначыць мураваны касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1674) і драўляную царкву Іаана Багаслова 19 ст., перавезеную сюды ў 90-ыя гады з вёскі Завалкі, а таксама ацалелы аднапавярховы буданк, да якога вядзе доўгая алея старых магутных дрэваў – дом, дзе жыў некалі эканом фальварку. У цэнтры ёсць некалькі цікавых старых будынкаў.

Дэмбрава – радзіма і вядомых братоў-мастакоў, удзелнікаў вызвольнага паўстання 1863 году Казіміра Альхімовіча (1840-1916) і Гіяцынта Альхімовіча (1841-1897).

 

Сяргей Сянкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота Уладзіміра Хільмановіча