Друя ў непагадзь



Друя захапляе сваёй гісторыяй і зачароўвае краявідамі турыстаў у любую пару года. Нават друйскія пейзажы ў непагадзь, зацягнутыя шэрай смугой, застануцца ў памяці назаўжды.

druja-14

Сёлета Друі споўнілася 630 год. Першая ўзгадка датуецца 1386 годам у “Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі” М. Стрыйкоўскага. Імаверна паселішча існавала ў перыяд Полацкага княства. Цяпер гэта гарадскі пасёлак у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці з насельніцтвам каля 1200 чалавек. Ён размешчаны на мяжы з Латвіяй, на левым беразе Заходняй Дзвіны, дзе ўпадае ў яе рака Друйка. На процілеглым беразе знаходзіцца латвійскі пасёлак Піедруя або былы Прыдруйск.

Галоўнымі адметнасцямі Друі з’яўляюцца: Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінаў XVII стагоддзя, Барысаў камень ХІІ стагоддзя, мураваныя і драўляная местачковыя забудовы, брукаваныя вуліцы ХХ стагоддзя, добра захаваныя габрэйскія могілкі XVIII-XX стагоддзяў, прыгожыя краявіды ўзбярэжжа Дзвіны.

Калісьці Друя была беларускім акном у Еўропу, у другой чвэрці ХІХ стагоддзя там ажно ладзілі  тры буйныя кірмашы на год. На той час гэтым  не мог пахваліцца больш ніводны беларускі горад.

У мястэчку было некалькі касцёлаў, сінагога, тры уніяцкія царквы і царква старавераў. Цяпер там дзейнічае адзін касцёл, адна праваслаўная і стараверская царквы. І да гэтай пары ў Друі мірна ўжываюцца людзі розных канфесій: каталікі, праваслаўныя, стараверы і габрэі.

Друя знаходзіцца ў памежнай зоне. Паводле заканадаўства, каб туды прыехаць, трэба загадзя заплаціць у банку мыту ў памеры 0,2 базавай велічыні, мець з сабой квіток аб аплаце і пашпарт.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара