Эротыка ў Сафіі Кіеўскай



Аматары гісторыі, якія наведваюць Сафію Кіеўскую, родную сястру нашай Сафіі Полацкай, амаль заўсёды застаюцца на тэрыторыі гэтага запаведніка: агледзіць старажытныя муры часоў Яраслава Мудрага, пашпацыраваць сцежкамі, якія памятаюць Піліпа Орліка і Пятра Магілу…

На сцежках адразу за храмам некаторыя турысты спыняюцца, ачмурэла паціраюць вочы, разгублена хаўкаюць і чухаюць патыліцы. Інсталяцыя сучасных эратычных скульптур на тле царкоўных купалаў выглядае надзвычай задзірліва і недарэчна – рыхтык стрыптызёрша ў манаскай келлі. У некаторых турыстаў, пэўна, можа ўзнікнуць і такая думка: зараз проста з паветра матэрыялізуецца барадаты маскоўскі поп, гэткі змагар за маральнасць, прамовіць голасна «Сие есть ересь прельстительная!» і кінецца на тыя статуі з кавадлам.

Але ж нават дзесяціхвіліннага шпацыру па тэрыторыі Сафіі дастаткова, каб пераканацца: эратычная інсталяцыі ўпісаныя ў гістарычны краявід даволі ўдала.

Да таго ж, тут ёсць і пэўная логіка. Усярэдзіне храм распісаны фрэскамі на духоўныя тэмы: Страшны Суд, Дабравест, шматлікія святыя з суворымі і засяроджанымі тварамі… То чаму б звонку мастацтва не можа быць свецкім і нават пачуццёвым?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя