Францішак Багушэвіч на тле ўкраінскага барока



Ці не кожны беларускі пісьменнік уяўляецца нам у пэўных часавых і геаграфічных каардынатах. Янку Купалу аднолькава лёгка можна ўявіць і ў віленскай кавярні пачатку ХХ стагоддзя, і ў сталінскім гатэлі “Масква”. Максіма Багдановіча – і на менскай брукаванцы, і ў ялцінскім “белым доме ля сіняй бухты”…

Францішка Багушэвіча цяжка ўпісаць у пэўны гарадскі краявід. Хаця біяграфія паэта  найбольш павязаная не з вёскай, а як раз з гарадамі: Санкт-Пецярбургам, Вільняй, Нежыным і Чарнігавым…

У Чарнігаве, на шачасце, яшчэ захаваліся аўтэнтычныя будыны, у якіх Мацей Бурачок, безумоўна, бываў: былы Дом губернатара, у якім цяпер месціцца Гістарычны музей, былы Палац Архіепіскапа, дзе цяпер знаходзіцца Дзяржаўны архіў. Ёсць яшчэ некалькі старасвецкіх дамкоў у цэнтры і цэлы комплекс гістарычных спарудаў у раёне Вала, якія Багушэвіча напэўна памятаюць.

Але ж дамысліць аўтара “Дудкі беларускай” побач з Кацярыненскай царквою ці Палацам Лізагубаў даволі цяжка. Можа быць, таму, што ўкраінскі Чарнігаў для Багушэвіча – абсалютна чужародны кантэкст, які, датаго ж, ніяк не адбіўся на яго творчасці. Магчыма, таму, што Францішак Багушэвіч яшчэ са школы адклаўся ў нашай свядомасці як паэт менавіта “сялянскі”, дзякуючы вершам кшталту “Кепска будзе!..” А, можа, і з-за ягонага верша “Немец” —  “Не люблю я места (па-расейску — горад). Надта там цяснота і вялікі сморад”.

Хаця верш той і напісаны нібы ад імя “дурнога мужыка, як варона”, але ж нелюбоў Багушэвіча да гарадскога жыцця ў тым тых радках відавочная.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя