Гарадскі Арсенал у Львове



Увогуле, у Горадзе Льва цэлых тры арсеналы: Гарадскі, Каралеўскі і Арсенал Сяняўскіх. Гарадскі – найстарэйшы і, напэўна, найбольш цікавы з архітэктурнага пункту гледжання. Збудаваны ў сярэдзіне XVI ст., ён у 1704 годзе быў разбураны шведамі, але неўзабаве адбудаваны наноў. Напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя Арсенал вельмі ўдала рэстаўравалі, пасля чаго ён і набыў сучасны выгляд.

Калісьці ў Гарадскім Арсенале адлівалі гарматы, захоўвалі зброю і праводзілі вайсковыя агляды. Тут жа жыў і мясцовы кат, але, паводле папулярнай ў Львове легенды, ён сядзеў амаль што без працы: львавяне ў той час былі талерантнымі людзьмі і вельмі паважалі законы. Зрэшты, іншым разам прафесійнаму карніку ўсё ж знаходзілі працу – калі ў Арсенал прывозілі палонных казакоў, каторых вінавацілі  ў шматлікіх ліхадзействах, уласцівых гэтаму саслоўю. У 18 стагоддзе ў тамтэйшай вязніцы сядзелі і палонныя гайдамакі, пра што на сцяне Арсенала нагадвае мемарыяльная дошка.

Цяпер тут – адзіны ва Украіне музей зброі з калекцыяй сапраўды сусветнага ўзроўню, пры тым на некаторых артэфактах можна пабачыць і нашу “Пагоню”. Побач, як і мае быць – сувенірныя крамы і некалькі някепскіх пабаў. Што, зрэшты, слушна: агляд гістарычных калекцыяў заўсёды схіляе да роздумаў і спрэчак, а асэнсоўваць пабачанае лепш за ўсё у сяброўскай размове за кухлем піва.

 

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя