Гарадзея – спадарожнік Нясьвіжу



Мястэчка Гарадзея – фактычна спадарожнік Нясьвіжу, да яго адсюль толькі 14 кіламетраў. Знаходзіцца яно на шляху Наваградак-Нясьвіж, але дарогі з-за недастатковай дакладнасці знакаў тут досыць заблытаныя. Праходзіць праз мясцовасць і чыгунка. Ведамая Гарадзея ажно з 1530 году. Некалі Уладзіслаў Сыракомля, пабываўшы тут, назваў у сваіх “Вандроўках” Гарадзею “сапраўдным аазісам у гэтым баку”. Мясцовы маёнтак славіўся вырабам надзвычай смачных сыроў, якія адсюль на продаж везлі ажно ў Пецярбург.

Мястэчка Гарадзея ведамае таксама тым, што менавіта яно дала ажно трох беларускіх уніяцкіх святароў і культурніцкіх дзеячаў – тут нарадзіліся Міхась і Канстанцін Маскалікі, а таксама Аляксандар Надсан (Бочка).

Сёння мястэчка жыве звычайным жыццём, ведамае шырокаму колу хіба сваім цукровым камбінатам. З помнікаў архітэктуры тут можна пабачыць касцёл Святога Язэпа пачатку ХХ стагоддзя, царкву Перамянення Гасподняга забудовы пачатку ХІХ стагоддзя, старадаўнюю прыдарожную каплічку. А паміж хатамі на адной з ціхіх вулачак стаіць помнік ахвярам першай сусветнай вайны, пастаўлены яшчэ за “польскім часам”.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара