Гародня чакае 10-тысячнага бязвізавага турыста



У горадзе над Нёманам чакаюць рэкорднага турыста. “На гэтым тыдні бяз візы можа прыехаць 10-тысячны турыст. Яго ўжо чакаюць на памежных аўтадарожных пунктах пропуску”, – распавёў для газеты “Вячэрні Гродна” прадстаўнік гарадскіх уладаў Яўген Ародзь. Журналісты дазналіся, што юбілейны госць атрымае ў падарунак зефір і беларускі квас.

Як каментуе эксперт у сферы турыстыкі Лілія Кобзік, бязвізавы рэжым – гэта толькі першы крок на шляху да масавага прыцягнення турыстаў.

– Бязвізавы рэжым – гэта такі крок, добры першы крок, але тут мусіць усё дзейнічаць у добрай звязцы – інфраструктура, сервіс. Што мы можам прапанаваць? Адна справа, калі чалавек прыехаў адзін раз. А другая справа, ці прыедзе ён другі раз, ці будзе зроблены добры піяр, ці будуць гэтыя патокі неяк нарошчвацца?

Прыгадаем, што ў бязвізавую зону рэгіёна Аўгустоўскага канала ўваходзіць Гародня і пяць сельскіх саветаў: Падлабенскі, Гожскі, Капцёўскі, Адэльскі і Сапоцкінскі. Пяцідзённы бязвізавы рэжым  дзейнічае з кастрычніка мінулага году. Найбольшая колькасць бязвізавых турыстаў цяпер адзначаецца з Літвы і Польшчы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя