Гданьскі парк імя Рэйгана – сапраўдны асяродак адпачынку



Надморскі парк імя Рональда Рэйгана ў гданьскім мікрараёне Еліткова  – сапраўдны рай для раварыстаў. Сцежкі здароўя, пракладзеныя тут, збіраюць соткі прыхільнікаў веласіпеднай язды, аматараў пакатацца на роліках. Зважаючы на гэты, пешаходам тут трэба быць уважлівымі на пераходах. Цікава, што ў парку на ўскрайку ўсталявана невялічкая станцыя рамонтавай самаабслугі, дзе кожны пры патрэбе можа падпампаваць колы двухкалёснага сябра, альбо направіць паломку ровара.

Парк займае досыць вялікую плошчу і тут можа знайсці сабе адпачынак кожны – і аматары спартовых забаваў, і маленькія дзеці (у парку ажно тры вялікія пляцоўкі забаваў), і тыя, хто адышоўся ад мора на сямейны шпацыр, і тыя, хто проста знаходзіць асалоду ад  сузірання дрэваў ці лебедзяў.

У цэнтры ўсталяваны кампазіцыя з двух скульптур вялікіх людзей 20-га стагоддзя – Папы Рымскага Яна Паўла ІІ і прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана, у гонар якога і названы ўвесь парк. Скульптуры былі выкананы з канкрэтнага фотаздымка сустрэчы гэтых ужо гістарычных постацяў у Маямі 10 верасня 1987 году.

Шмат у парку розных прыродных сцежак і разнастайных каменных скульптураў. З мінусаў – у пэўныя перыяды тут дакучаюць камары, таму ў такі час у парку больш камфортна на ровары.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара