Гдыня – падарожжа ў польскую Балтыку



Сёлетні адпачынак мы сям’ёй правялі ў Гдыні, робячы “набегі” ў Гданьск ды Сопат. Дабрацца гарадзенцу да Гдыні можна некалькімі шляхамі. Першым крокам з’яўлецца даезд да Беластоку. Мы дабіраліся маршруткай гарадзенскай фірмы “Клас-тур”. На жаль, гарадзенскія фірмы перавозчыкаў не робяць ніякіх зніжак для дзетак і таму для нашай дачушкі праезд каштаваў поўны кошт. Мяжу пераехалі даволі хутка і нас чакалі вакзалы Беластоку. Стары аўтавакзал, на які прыязджае маршрутка, дажывае апошні год і гэта адчуваецца. Колькасць шапікаў паменшылася, і калі казаць пра незручнасці – вельмі незручнай з’яўляецца эстакада-пераход на чыгуначны вакзал.

Наступным нашым шляхам на чыгуначным вакзале быў выбар цягніка ў Гдыню. Наша сям’я выбрала прамы цягнік без перасадак, які не заходзіць у Варшаву, а ідзе па былых прускіх землях.

Для праезда дзетак у гэтым (і магчыма ў іншых польскіх) цягніку выдаюць бясплатныя квіткі. А дарослыя беларусы, што маюць „карту паляка”, маюць 37% зніжку на праезд у вагонах другога класу.

У Гдыню таксама можна ехаць і праз Варшаву, робячы там перасадку. Аднак мы палічылі такі шлях даўжэйшым і даражэйшым.

Цягнік, на якім мы ехалі, прыбывае ў Гдыню амаль а 8-й увечары, і мы стомленыя з дарогі адразу таксаўкай паехалі ў кватэру.

Чым прывабіла нас Гдыня? Горад на балтыйскім узбярэжжы мае амаль 250 тысяч жыхароў, аднак у летнія месяцы колькасць турыстаў “зашкальвае”. Гэта асабліва адчуваецца напрыканцы ліпеня – пачатку жніўня. У 2016 годзе ў літоўскай Балтыцы падняліся кошты на жытло і вялікая колькасць беларусаў, расейцаў і нават украінцаў паехала ў Балтыку польскую.

А жыхары Гдыні прапануюць вылікую колькасць форм баўлення часу для адпачынку. Для дзетак – гэта парк атракцыёнаў і вялікая колькасць бясплатных дзіцячых пляцовак, якія проста ўражваюць сваёй зручнасцю.

Што можна пабачыць у Гдыні даросламу?

Гдыня – марскі горад і ў першую чаргу – гэта порт. Таму параю наведаць марскі музей на беразе і падзівіцца гісторыяй польскага флоту ў малюнках і рэчах. У першую чаргу ў будынку музея вам распавядуць пра ўдзел полькага флоту ў ІІ сусветнай вайне, пра гісторыю стварэння порту Гдыня. Гарматы берагавой аховы,  што стаяць у двары музея, уражваюць сваімі памерамі ды веліччу.

Два цікавах філіялы музея – караблі “Дар Паможа” і “Блыскавіца” стаяць у гдыньскім порце і туды можа зайсці любы жадаючы, хто ўдзень гуляе па вялікім пірсе. На караблях вельмі ветлівая дапаможная група супрацоўнікаў, апранутых як каманда карабля ў марскую форму.

Для тых, хто цікавіцца марской тэмай, наведванне гэтых караблёў павінна ўваходзіць у абавязковую праграму знаёмства з Гдыняй.

Гдыня цікавая таксама адмысловымі будынкамі для дзетак – вялікім акварыюмам і цэнтрам „Эксперымент”. Акварыюм гэтым разам мы, на вялікі жаль, не наведалі з-за вялікіх чэргаў, а ў цэнтры „Эксперымент” правялі амаль цэлы дзень. Розныя фізічныя з’явы і эксперыменты прыроды і людзей, якія паказаныя ў гэтым цэнтры, вельмі ўражваюць не толькі дзетак, але і дарослых.

Паесці ў Гдыні можна ў розных кавярнях і рэстаранчыках, і кошты вельмі розныя – ад 10 злотых на чалавека, да 200 -300 – у залежнасці ад выбара ежы.

А духоўнай ежай для наведнікаў Гдыні ў дні нашага адпачынку стаў вялізны кніжны кірмаш, куды завіталі выдавецтвы з розных куткоў Польшчы, і на ім можна было спаткацца з аўтарамі кніжак і паслухаць музыку розных накірункаў.

Адпачынак наш у Труймесце цягнуўся амаль 10 дзён, і мы былі ў Сопаце і Гданьску – таму чакайце працяг аповяду.

Андрэй Мялешка, Гдыня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара