Гістарычны музей Анталіі



Гістарычныя музеі – не самыя папулярныя аб’екты ў курортных цэнтрах. Няшмат знойдзецца людзей, згодных прамяняць пляжны шэзлонг удзень і добры кілішак увечары на разгляд археалагічных цікавостак.

Перавагі самотных экскурсій у курортных музеях я ўпершыню ацаніў менавіта ў Анталіі. Ані табе надыкучлівага пастуха-экскурсавода з класічным “паглядзіце налева, паглядзіце направа!..”, ані братоў нашых меншых з Усходу, якія спрабуюць давесці гіду, што “древние греки произошли от русских», ані дурных малалетак з маніякальным жаданнем зрабіць сэлфі на тле старажытнага саркафага…

Да слова, менавіта саркафагі займаюць у Анталійскім музеі ці не большую частку антычнай экспазіцыі. І гэтыя саркафагі таго вартыя. Рытуальная ўласнасць старажытнагрэцкіх нябожчыкаў рабілася эстэтна і на стагоддзі. Кожны, пабачыўшы барэльефы на каменнай труне, адразу разумеў, кім быў яе ўласнік пры жыцці: гандляром, мараком, вайскоўцам ці чыноўнікам. Ёсць у экспазіцыі нават саркафаг “алімпіёніка”, пераможцы тагачасных Алімпійскіх гульняў. На мармуровай бакавіне – зверавіты дзядзька з алівавым вянком на галаве, з біцэпсамі і трыцэпсамі, якім напэўна пазайздросціць сучасны культурыст.

Калі саркафагі падаюцца вам надта змрочнымі экспанатамі – калі ласка, ў іншыя залі. Вось традыцыйная тэатральная маска, у якой, магчыма, выконвалі ролю Медэю ў п’есе Эврэпіда, вось бронзавыя жэтоны, якія выдаваліся наведвальнікам замест квіткоў, вось фрагмент тэатральнай машыны, з якой, паводле знакамітага выказвання, на сцэне з’яўляся бог, які і вырашаў усе праблемы герояў. Вось амфора, з якой акторы і драматургі, напэўна, налівалі віно ў гонар удалай прэм’еры. Вось стылус, якім, мажліва, пісалі ці распіскі ліхвяру, ці ўзнёслыя вершы. Вось меч, якім месціч Анталіі бараніў горад ад варвараў…

Анталійскі гістарычны музей падрабязна адказвае на пытанне “як?” “Як тагачасныя людзі жылі, бавілі час, як ваявалі, як браліся шлюбам, як кахаліся і як паміралі…” На кожнае пытанне ёсць пэўны артэфакт-адказ: тэатральная маска, роспіс на амфары, старарымскі пілум, мармуровы барэльеф ці той жа саркафаг…

Цікава, а як будуць экспанаваць у гістарычных музеях нашу эпоху праз дзве тысячы гадоў? Якія рэчы будуць адказваць на пытанне “як”? У галаву чамусь прыходзіць толькі такое: ноўтбук, мабільнік і статус у Фейсбуку.

І ад гэтай думкі становіцца сумна.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя