Гнезненскі старажытны храм 16-га стагоддзя



Старадаўні касцёл Святога Міхала Арханёла ў Гнезне, што на тэрыторыі сучаснага Ваўкавыскага раёну, быў пабудаваны каля 1524 году (гэтую дату можна ўбачыць на адным з трох крыжоў дзвярэй помніка) тагачаснымі уладаннікамі мястэчка Янам і Альжбэтай Шамятовічамі на месцы старога драўлянага храма. На ўтрыманне касцёлу ў фундушы быў замацаваны маёнтак, з якога давалася “штогод з двух двароў дзесяціны ўсялякага збожжа на вечныя часы”.

Стаіць культавы мураваны будынак у цэнтры старой часткі вёскі. З другой паловы 16 стагоддзя і да 1643 году храм быў пратэстанцкім. У кальвінскі збор яго перарабіў у 1555-ым годзе пратэстант Геранім Хадкевіч. Неаднаразова помнік архітэктуры рамантаваўся – у 1678-ым, 1728-ым, 1844-ым гадах, а ў 1930-32-ім рэстаўраваны паводле праекту Тадэвуша Плюцынскага.

Касцёл быў зачынены саветамі каля 1962 году, з 1968-га ў будынку быў магазін мясцовага саўгасу, вернуты вернікам храм у 1989 годзе. Касцёл аточаны каменным мурам з брамай. На тэрыторыі розныя каплічкі, крыжы і шматлікія надмагільныя помнікі канца 19-га – пачатку 20 стагоддзяў.

Храм у Гнезне – рарытэт айчыннай позняй готыкі з элементамі рэнесансу – адзін з сама старажытных касцёлаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара