Гоа каталіцкі



У 1510 годзе да берагоў Малабарскага ўзбярэжжа прыбылі партугальскія каравэлы. Каланіяльную экспедыцыю ўзначальваў Афонсу ды Албукеркі – лісабонскі арыстакрат, авантурыст і рамантык. Партугальцы імкнуліся замацавацца ў Індыі – казачнай краіне золата, сланоў і спецый. Але ж мясцовыя раджы далі каланізатарам імгненны адлуп. Каравэлы павярнулі на поўнач і па хуткім часе дайшлі да вусця ракі Мандові, непадалёк каторай стаяў арабскі форт.

Далейшыя падзеі нагадваюць сюжэт прыгодніцкага рамана…

Калі Афонс ды Албукеркі зразумеў, што сілаў для штурма арабскай фартэцыі ў яго вобмаль, ён падкупіў аўтарытэтных мясцовых ёгаў шклянымі пацеркамі, якія і дэмаралізавалі арабаў сваімі “прароцтвамі” пра мілітарную магутнасць партугальцаў. Вельмі дарэчы прайшлася і дапамога малабарскіх піратаў, якія таксама купіліся на прыдумкі пра “непераможнасць белых людзей”.

Зляканыя арабы здалі фартэцыю без боя. Так на індыйскай зямлі, якая цяпер вядомая, як “штат Гоа”, распачалася “Партугальская Індыя”.

На каравэлах заваёўнікаў былі адно мужчыны, прытым большасць іх вырашыла назаўсёды застацца ў Індыі. Натуральна, тыя мужчыны браліся шлюбам выключна з індыянкамі – іншых жанчын у Гоа проста не было. Партугальцы вызначаліся палымянай рэлігійнасцю: шлюб, хрэсцьбіны, пахаванне і традыцыйная нядельная імша вымагалі пабудовы касцёлаў, якія і ператварыліся ў цэнтры хрысціянізацыі індусаў.

Самым вядомым місіянерам у Гоа стаў Францыск Ксавеверый, які прыбыў у “Партугальскую Індыю” праз трыццаць адзін год пасля яе каланізацыі. Гэты ўдумлівы і адукаваны езуіт пераважна місіянерыў ніжэйшыя індыйскія касты, і рабіў гэта бліскуча. Калі раней індыец з якой кастаў смецяроў плаціў раджам падаткі і не маў права нават выйсці з хаты па-светламу, каб ягоны цень не апаганіў цень брахмана, то цяпер, навярнуўшыся ў хрысціянства, ён станавіўся падданым партугальскай кароны, атрымліваў шмат прывелеяў і мог пасылаць і тутэйшага раджу, і брахманаў з іх забабонамі, куды падалей.

З тых часоў ці не ў кожным мястэчку Гоа і ўзвышаюцца шматлікія бажніцы і капліцы. Касцёльная архітэктура “Партугальскай Індыі” крыху нагадвае нашае віленскае барока. Што, зрэшты, нядзіўна: і беларускія, і партугальскія дойліды навучаліся законам архітэктуры ад італійцаў.

Мошчы св. Францішка Ксаверыя перахоўваюцца ў Базіліцы Езуса, што ў Старым Гоа. А ў цэнтры нашай Гародні вось ужо амаль трыста пяцьдзясят гадоў высіцца Катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя.

Што дзіўным чынам спалучае беларускую Гародню і партугальскую Індыю.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя