Горад адноўленага замку



На Падляшшы вам абавязкова параяць з’ездзіць у гэтае невялічкае мястэчка. Тыкоцін паўстаў у ХІV стагоддзі пры пераправе праз раку Нараў на гандлёвым шляху з Полацка і Вільні ў кірунку Познані і Кракава. У 1425 годзе атрымаў Магдэбургскае права. Сёння гэта невялічкае, ціхае мястэчка, спакой якога час ад часу парушаюць купкі турыстаў. Горад практычна захаваў сваю першапачатковую прасторавую планіроўку. Знаёмства з Тыкоцінам звычайна пачынаецца з мясцовай плошчы, у цэнтры якой стаіць помнік гетману Стэфану Чарнецкаму (славуты польскі вайсковы і грамадскі дзеяч, губернатар Тыкоціна ў 1659-1665 гадах). Але галоўнае ўпрыгожанне тут – барочны касцёл Святой Троіцы, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя тагачаснымі ўладальнікамі мястэчка Браніцкімі.

DSC05989

Ну а галоўная тутэйшая славутасць – каралеўскі замак. Арыгінальны тыкоцінскі замак часоў Жыгімонта Аўгуста, які здолеў ацалець падчас шматлікіх пажараў, нападаў і гарматных расстрэлаў, загадалі цалкам разабраць самі Браніцкія. Уся справа ў тым, што замак стаў ім непатрэбны, і Браніцкія вырашылі з’эканоміць на ягоным утрыманні. Тым больш, што ў Беластоку ўжо завяршылася будаўніцтва палацу Браніцкіх. Замак разабралі, а цэглу пусцілі на ўзвядзенне касцёла і рамонт дарог.

І толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, мецэнат Яцэк Назарка прапанаваў гарадскім уладам аднавіць тыкоцінскі замак. Справа гэта была нялёгкай, паколькі ніякіх чарцяжоў і планаў арыгінальнага будынка не захавалася. Архітэктарам давялося ладна папацець, збіраючы па крупінках мазаіку з характэрнага дойлідства часоў Жыгімонта Аўгуста. Сёння вынік гэтай працы можна пабачыць і нават павандраваць па замку з экскурсаводам.

DSC06024

І вам раскажуць галоўную легенду замка. 7 ліпеня 1572 года памёр у Кнышыне караль Жыгімонта II Аўгуст, яго цела было перавезена ў замак у Тыкоціне, і тут праляжала, забальзамаваным і абкладзеным лёдам, цэлы год да 10 верасня 1573 года, пакуль у Рэчы Паспалітай быў не абраны новы кароль. Затым цела ўрачыста было дастаўлена ў Кракаў і змешчана ў Жыгімонтавай капліцы на Вавелі.

Яшчэ адзін гістарычна-культурны аб’ект Тыкоціна, які варта абавязква наведаць, – Вялікая сінагога.  Сёння гэта другая па велічыні і адна з найстарэйшых сінагог у Польшчы. Яна была пабудавана ў 1642 годзе на месцы старой драўлянай сінагогі. Унутры тыкоцінская сінагога багата ўпрыгожаная.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтара