Грэцыя праваслаўная



Знайсці праваслаўную царкву ў Грэцыі можна ці не ў кожнай маленькай вёсачцы, і гэта нядзіўна: праваслаўе – дзяржаўная рэлігія, што замацавана ў Канстытуцыі. Закон Божы абавязковы для вывучэння ў школах, а факультэты багаслоўя ёсць ва ўсіх універсітэтах.

optimized-hrecija_pravaslaunaja_01

Але ж чалавек, неабазнаны ў асаблівасцях грэчаскага праваслаўя, не адразу цяміць тамтэйшыя традыцыі. У паўсядзённым жыцці мясцовы святар ніколі не носіць на расе крыж – гэта можна рабіць толькі падчас царкоўнае службы. Так што, напрыклад, шэраговы манастырскі паслушнік знешне нічым не адрозніваецца ад ігумена. У царквах перад абразамі не прынята ставіць свечкі, каб тыя абразы не пашкодзіць; свечкі запальваюць у адмысловым прытворы, дзе ёсць выцяжка. Звыклых нам свечачных лавак у цэрквах таксама няма: кожны мае права ўзяць са скрыні столькі свечак, колькі лічыць патрэбным і пакласці за іх столькі грошай, колькі дазваляе сумленне. Больш за тое – ва ўсіх цэрквах вернікі падчас літургіі сядзяць, як у касцёлах, і падымаюцца толькі падчас найважнейшых літургічных момантаў.

Нягледзячы на шматвекавую праваслаўную традыцыю, сапраўды старажытных цэркваў у Грэцыі засталося вобмаль. Варожыя нашэсці, землятрусы, войны і перабудовы знішчылі, за невялікім выключэннем, ці не ўсе ранняхрысціянскія храмы. Большасць сучасных цэркваў збудавана напрыканцы ХІХ – напачатку ХХ стагоддзяў. Але ж значная іх стаіць на падмурках бізантыйскіх, познерымскіх, а то і старагрэцкіх храмаў. А каля некаторых з тых цэркваў можна пабачыць не толькі антычныя калоны, але і статуі Апалона, Зеўса ці Венеры.

Чаму? Грэкі шануюць уласную гісторыю і традыцыі, хай нават і паганскія з пункту гледжання рэлігійных артадоксаў. Што не замінае ім быць праваслаўнымі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя