Іказнь – аграгарадок з касцёлам і царквой



Іказнь – невялікае мястэчка ў Браслаўскім раёне, сёння мае статус аграгарадка. Тут жыве каля 300 чалавек. Мястэчка вядома перадусім дзякуючы сваім архітэктурным помнікам – касцёлу Божага цела і царкве Святога Мікалая.

Першы пісьмовы ўспамін пра Іказнь датуецца 1499 годам, калі навакольныя землі набыў сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега. 25 сакавіка 1504 года вялікі князь Аляксандр дазволіў яму заснаваць у маёнтку замак, мястэчка і назваць апошняе «паводле свайго меркавання».

Мураваны касцёл Божага Цела быў пабудаваны ў 1912 годзе на месцы ранейшага драўлянага. На цвінтары знаходзіцца валун з надпісам святару Міхалу Буклярэвічу і яго сястры Эміліі. Міхал Буклярэвіч быў ініцыятарам узвядзення мураванага касцёла, у 1919 г. ён стаў адным з арганізатараў сялянскага паўстання супраць бальшавіцкай улады. Пры падаўленні паўстання святара і яго сястру расстралялі. У 1940-я гг. помнік на магіле знішчылі, але ў кастрычніку 1995-га ён адноўлены.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік