Індыя. Вандроўка па рацэ Манодві



Рэкі ўсходняй Індыі чымсці нагадваюць беларускія – такія ж ціхія і нетаропкія.

Optimized-Mandovi-01

А Мандові, што пачынаецца ў штаце Махараштра і ўцякае ў Індыйскі акіян, няўлоўна нагадвае якую Іпуць на Гомельшчыне: спакойная плынь, празрыстая вада, гушчар абапал берагоў… Праўда, ёсць істотнае адрозненне: у Мандові вядуцца балотныя кракадзілы, якіх называюць тут “магерамі”, што ў перакладзе азначае “вадзяная пачвара”.

Падчас вандроўкі па рацэ Мандові я бачыў кракадзілаў толькі здалёк: яны ціхамірна грэліся на беразе, нікому не замінаючы. Але ж калі вы ў чаўне з нізкімі барнтамі, не раю апускаць рукі ў ваду: кракадзілы надзвычай падступныя жывёлы. Дый і караць рэптылій за адкусаную руку ніхто не будзе, бо ў Індыі “магеры” – сакральныя жывёлы.

Лепшы занятак што на беларускіх рэчках, што на рэчках усходняй Індыі – безумоўна, рыбалка. Калі вы дамовіцеся з мясцовымі рыбакамі, яны не толькі дадуць вам вуды і сеткі, але і раскажуць, дзе і калі на рацэ найлепш лавіць.

А яшчэ вельмі раю павандраваць узбярэжжам Мандові. Тут ёсць усё: індуісцкія храмы, каталіцкія капліцы, закінутыя партугальскія форты. Толькі, крый Божа, не крыўдзіце індыйскіх сакральных кароваў, якія, ходзяць удоль узбярэжжа калі хочуць і дзе хочуць. Паводле індуісцкай традыцыі, карова можа быць рэінкарнацыяй чыіх-небудзь далёкіх продкаў. А што, калі ў целе такой каровы ўжо пасяліліся душы і каго з нашых Дзядоў?

Уладзіслаў Ахроменка, Беларуская Радыё Рацыя