Іванава – месца пакутніцкай смерці святога Андрэя Баболі



Каля 360 год таму 16 траўня ў Янаве Палескім, цяпер горад Іванава ў Беларусі, быў забіты казакамі Багдана Хмяльніцкага рымска-каталіцкі дзеяч, місіянер Андрэй Баболя.

На месцы забойства святога, цяпер гэта  вуліца Леніна,  стаяць два вялікія крыжы, каталіцкі і праваслаўны, і ляжыць камень з мемарыяльнай дошкай. Аддаць пашану Андрэю Баболю за стойкасць веры ў Іванава прыязджаюць пілігрымы з Беларусі , Польшчы і іншых краін. Таксама яны ідуць маліцца ў мясцовы касцёл, дзе знаходзяцца рэліквіі святога.

Пра забойства Андрэя Баболі распавядае ксёндз Андрэй Рылка:

— Яго падвязалі за ногі і ўвесь час патрабавалі, каб ён выракся каталіцкай веры, але Баболя не згаджаўся і тады яны пачалі здзекавацца, яму выцягнулі язык, пасля яго адрэзалі, пачалі рэзаць усё цела па частках, выразалі са скуры арнат, а потым гэтую скуру палоскамі аддзіралі — страшна зверствавалі. Ён памёр ад нанесеных ранаў. Забівалі не толькі Баболю, але білі таксама мясцовых католікаў. Гэта былі часы, калі ішла вайна са Швецыяй, з Маскоўскім княствам, і тады акрамя палітычных ішлі таксама рэлігійныя войны, і на нашых землях, і па ўсёй Еўропе.

Цела Андрэя Баболі было перавезена ў Пінск і пахавана ў касцёле святога Станіслава, у 1702 годзе эксгумавана і знойдзена нятленным.  Святы Андрэй Баболя кананізаваны. Ён лічыцца адным з нябесных заступнікаў Польшчы і Беларусі і ўшаноўваецца, як галоўны заступнік беларускага Палесся.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя