Каір і наваколле



Егіпцяне называюць Каір “горадам тысячы мінарэтаў”, хаця правільна назваць яго “горадам тысячаў тон смецця”. Такое, прынамсі, ўражанне беларуса з амаль стэрыльнага Менска, які ўпершыню трапляе ў сталіцу Егіпта.

Optimized-01-Kair

Смецце ў Каіры паўсюдна: на ходніках, у падземных пераходах, у дварах, каля мячэцей, на базарах, на беразе Ніла і нават на галоўнай гарадской плошчы Тахрыр. Гіганцкія сметнікі шаргацяць з сярэдзіны злавесна і суха, і толькі калі бачыш ката, які шчасліва храбусціць каля памыйкі пацуком, разумееш, чаму ў Старажытным Егіпце гэтыя дробныя драпежнікі лічыліся сакральнымі жывёламі.

Яшчэ адна каірская недарэчнасць – вулічныя гандляры наркотыкамі. Пабачыўшы белага чалавека, яны беспардонна пнуцца з прапановай: “Sir,  cannabis, hashish?” Адбіцца ад арабскага наркагандляра можна толькі адной фразай: “Sorry, i’m a chronic alcoholic!” Прававернага мусульманіна такое прызнанне дэзавуюе як мінімум на хвіліну, і гэтага дастаткова, каб перайсці на супрацьлеглы бок вуліцы.

Зрэшты, праз доўгай вандроўкі па мегаполісу на беразе Ніла перастаеш зважаць і на пацукоў, і на котак, і на іншую мясцовую фауну. Асабліва пасля экскурсіі па Каірскім музеі. Тое, што бычаў калісці ў школьных падручніках па гісторыі, дзіўным чынам матэрыялізуецца перад вачыма цягам некалькіх гадзінаў: фаюмскі жывапіс, залатая маска Тутанхамона, мумія Рамзэса Вялікага…

Пра піраміды і Сфінкса на плато Гіза пісаць бессэнсоўна: такое трэба пабачыць на ўласныя вочы. Маю пацьвердзіць, што піраміды сапраўды гіганцкія, Сфінкс – вельмі суворы, а лёхі, што вядуць у старажытныя пахавальні, неверагодна глыбокія.

Уражанне псуюць прыліпучыя гандляры сувенірамі, якія пераследуюць вас цэлымі натоўпамі. А яшчэ – шматлікія расейскія турысты, якія дыскутуюць з арабскімі бізнэсоўцамі пераважна матам, па-свойску называючы апанентаў “бен-ладанамі” і “чучмекамі”. Праз поўгадзіны назірання за такімі культурнымі кантактамі міжволі задаешся пытаннем: а, можа, прарок Маісей таму і вырашыў вывесці біблейскіх яўрэяў з Егіпту, што прабдачыў тут і смецце, і наркагандляроў, і ісламістаў, і нават чарговае нашэце ўсходніх варвараў?!

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара