Каірскі музей: ад нараджэння да смерці



Расказваць пра Каірскі музей, а тым больш знаёміць з яго экспазіцыямі – справа надзвычай няўдзячная. Экспанатаў тут выстаўлена больш за 120 тысяч, і яшчэ два разы па столькі знаходзіцца ў запасніках. Базальтавыя статуі і залатыя фібулы, саркафагі вяльможаў і фаюмскі жывапіс, баявыя вазкі фараонаў і бронзавыя сякеры яго ваяроў… І, вядома ж, скарбы Тутанхамона, ці не самыя вядомыя каірскія артэфакты. Каб агледзіць гэтае багацце, відавочна недастаткова і тыдня.

Але ж Старажытны Егіпет – гэта не толькі маўклівыя каменныя ідалы, бляск золата і пыха пірамід. Гэта найперш падданыя ўладароў, якія тую веліч стваралі.

Ёсць у Каірскім музеі невялічкая экспазіцыя, якая і ілюструе жыццё шараговых егіпцян ад нараджэння і да самай смерці. Вось маладая жанчына мые бялізну ў Ніле, а вось керамічны кубачак, з якога ейны муж, напэўна, піў пасля цяжкога працоўнага дня ячнае піва. Вось драўляныя фігуркі, вельмі падобныя да дзіцячых цацак, а вось – дробныя бажкі, якім егіпцяне аддана пакланяліся. І, вядома ж, просценькі кедравы саркафаг, у якіх жыхароў даліны Ніла хавалі цягам тысячагоддзяў.

Аглядаючы экспазіцыю, прысвечаную штодзённаму жыццё егіпцяна за часамі фараонаў, міжволі задаешся пытаннем – а якія музейныя экспанаты будуць расказваць пра нашае штодзённае жыццё праз сотні гадоў?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя