Каломна каля Алексічаў – падарунак ад шведаў?



Адразу за вёскай Дзярэчын, пры павароце на вёску Алексічы Зэльвенскага раёна, знаходзіцца мураваная каломна, ці, як кажуць у народзе, мураваны слуп. У вёсцы Дзярэчын спытаў у мясцовых людзей, што яны ведаюць пра гэту каломну. Многія вяскоўцы зусім не змаглі нічога сказаць пра мураваны слуп. Некаторыя расказвалі, што гэты помнік паставіў Напалеон Банапарт, калі адступаў з Расеі на Захад. Іншыя людзі называлі слуп Сапежынскім, бо яго паставіў Аляксандр Сапега, які меў рэзідэнцыю ў Дзярэчыне ў XVIII стагоддзі. А некалькі чалавек сказалі, што з’яўленне каломны звязана са шведамі і што на версе помніка некалі быў вялікі гадзіннік.

Пра каломну каля вёскі Алексічы ніхто ніколі не пісаў. І мне знайсці нейкай інфармацыі пра яе так і не ўдалося. Міхась Скобла, аўтар кнігі “Дзярэчынскі дыярыюш”, паведаміў, што, магчыма, каломна з’явілася ў XVII стагоддзі. Падобная стаяла і ў цэнтры Дзярэчына. Іх пабудавалі дамінікане. Дзярэчынская каломна з цягам часу разбурылася, а каля вёскі Алексічы — захавалася.

Сапраўды, каломна каля Алексічаў Зэльвенскага раёна — унікальны помнік з цэглы. Хаця яна нідзе не згадваецца ў энцыклапедыях. Зверху каломны ніколі не было гадзінніка, а быў крыж. Пра гэты факт сведчыць здымак каломны, зроблены ў 1930-х гадах. З версіяй Міхася Скоблы можна пагадзіцца. Але існуе і іншы факт, што гэты мемарыяльны слуп быў пабудаваны ў 1708 годзе. “Яго ўзвялі шведскія воіны. Гэтым самым яны выказалі шчырую падзяку мясцоваму насельніцтву, якое шмат дапамагала шведам падчас руска-шведскай вайны. На каломне была нават мемарыяльная шыльда з тэкстам па-беларуску і па-шведску. Але, кажуць, немцы ці партызаны яе знішчылі падчас Другой сусветнай вайны”, – расказаў мясцовы паэт Генадзь Коўш.

Цяпер мураваная каломна трохі пахілілася, як Пізанская вежа. Але ёй не пагражае падзенне, бо яна замацаваная на спецыяльным стрыжні на ўсю вышыню свайго збудавання. Зверху бачна, сапраўды, нешта накшталт шыльды, але тэкст на ёй замазаны, каб людзі не змаглі прачытаць. Які тэкст на той шыльдзе – трэба распазнаваць, ачышчаць яе ад цэменту. Толькі хто гэта і калі зробіць? Таму каломна каля Алексічаў застаецца да сённяшніх дзён загадкавым помнікам.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара