Камасутра ў храме Вірупакша, альбо Ліст суседскаму хлопчыку



Прывітанне, Коленька!

Учора Марыя Іванаўна, твая настаўніца, сказала, што на ўроку ты разглядаў з планшэта нейкую парнаграфію. І, мала таго, што разглядаў сам, дык і паказваў яе дзяўчынкам з суседняй парты.

Ты толькі не пераймайся – я ў тваім узросце таксама вельмі цікавіўся карцінкамі “з голымі бабамі”. Падлеткавая гіперсексуальнасць, палавое выспяванне… усё натуральна! Але ты надта засмуціў настаўніцу фразай, што парнаграфію, нібыта, прыдумалі яшчэ ў Старажытнай Індыі, і называлася яна “Камасутра”.

Дазволь табе, дзіцё Вікіпедыі, крыху запярэчыць. “Камасутра” – гэта ні ў якім разе не парнаграфія. І нават не каталог позаў для савакупленняў. Гэта грунтоўны стараіндыйскі трактат пра каханне.

Калі б ты вучыўся не ў менскай школе з вайскова-патрыятычным ухілам, а ў сярэдневечнай школе часоў Віджаянагарскай імперыі, то “Камасутру” табе напэўна  выкладалі б на ўроках. З курсу “Камасутры” ты найперш дазнаўся б, што такое каханне і чаму ніводны чалавек не можа без яго жыць. Потым бы табе расказалі, як правільна заляцацца да дзяўчыны, якую ты ўпадабаў, і калі тая дзяўчына скажа табе “так”, як трэба арганізаваць вяселле; каго туды запрасіць, дзе пасадзіць і чым частаваць. Табе  прачыталі бы курс лекцый, як рабіць падарункі жанчыне, а таксама – якія падарункі дарэчныя ў тых ці іншых сітуацыях. І толькі напрыканцы выхаваўчага курсу табе б расказалі пра сексуальны бок шлюбу…

У індыйскім штаце Карнатака ёсць цудоўны храм Вірупакша, усе вежы і сцены якога аздоблены барэльефамі з ілюстрацыямі да “Камасутры”. Уласна эратычных сцэнаў там вобмаль. Калі папрасіць мясцовага брахміна расказаць пра тыя барэльефы, ён не толькі апавядзе пра стараіндыйскія этыку і эстэтыку кахання, але і абавязкова дасць парады. Толькі, папярэджваю адразу: размова мае весціся па-ангельску. Ты ёй не валодаеш? Ну, як не сорамна! У Індыі ангельскай збольшага валодаюць нават хлопчыкі з касты прыбіральшчыкаў за сланамі!

Калі ты ўважліва праслухаеш лекцыю браміна, то зразумееш: у Віджаянгарскай імперыі, што была калісь у Індыі, здаровага глузду і павагі жа жанчыны было ніяк не менш, чым у сучаснай Рэспубліцы Беларусь.

Так што, Коленька, як станеш дарослым – абавязкова наведай той храм. Можаш зрабіць гэта ў таварыстве школьных сябровак і нават Марыі Іванаўны. Барэльефы з “Камасутрай” на сценах Вірупакшы куды цікавейшыя за экспанаты “Лініі Сталіна”, павер мне на слова…

Уладзіслаў Ахроменка, Беларуская Радыё Рацыя

Фота аўтара