Камянец – унікальная вежа на самым захадзе Беларусі



Камянецкая вежа – адзін з сімвалаў нашай краіны, які кожнаму сапраўднаму турысту найлепш пабачыць „ужывую”. Гэта так званая вежа тыпу данжон, аналагаў якой няма больш ні ў самой Беларусі, ні ў суседніх дзяржавах.

Камянецкая Вежа зараз цалком адрэстаўраваная, у сярэдзіне размешчана экспазіцыя-філіял Берасьцейскага гісторыка-краязнаўчага музея. Купіўшы квіток, можна патрапіць у сярэдзіну і падымаючыся па стромых сходах, разглядзець усе стэнды з экспанатамі. Дзіўная рэч, але патрапіць на самую вяршыню вежы, на так званыя зубцы, можна толькі асобна заплаціўшы за экскурсію. Не купіць адмысловы білет, а менавіта купіўшы паслугі экскурсавода. Такі вось навязлівы турыстычны сэрвіс. Экспазіцыя досыць цікавая, але яна расчароўвае тым, што аформлена амаль уся па-расейску. І гэта канешне не дадае гонару распрацоўшчыкам музея.

DSC_0496

Падыходы да вежы таксама ўпарадкаваны, у цэлым уражанне ад гораду досыць пазітыўнае. Яно ўзмацняецца тым, што мясцовая раённая бібліятэка, якая зусім непадалёк вежы, мае імя Усевалада Ігнатоўскага, выдатнага гісторыка, першага прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук, ахвяры сталінскага тэрору 1930-ых. На будынку бібліятэкі адпаведная шыльда ў гонар навукоўца. Чаму менавіта імя Ігнатоўскага – таму што ён нараджэнец вёскі Такары, што якраз у Камянецкім раёне.

У цэнтры Камянца помнік заснавальніку Камянецкай цьвердзі валынскаму князю Уладзіміру Васількавічу. Скульптура князя разам з тарчай і канешне зубрам.

DSC_0509

Недалёка ад вежы і Сімяёнаўская праваслаўная царква, пабудаваная ў 1914 годзе. Ёсць у Камянцы і крыху больш позні Петрапаўлаўскі касьцёл. Наведванне гэтай гораду, самага заходняга на тэрыторыі сучаснай Беларусі райцэнтру (калі не лічыць Берасьця) не расчаруе падарожніка.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара