Касцёл-„фенікс” у Вялікіх Эйсмантах



Галоўнай архітэктурнай адметнасцю Вялікіх Эйсмантаў зяўляецца касцёл пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Св. Яна Непамука. Першы парафіяльны касцёл у гэтай мясцовасці пабудаваны ў 1660 г. коштам Ганны Эйсымант і яе сына Якуба. Касцёл быў драўляным. У галоўным алтары яго змяшчаўся цудатворны абраз Маці Божай. З гэтым абразком звязана цікавая гісторыя. Некалі дачка мясцовага дробнага шляхціца Ганна знайшла каменьчык яшмы з выявай Маці Божай вялічынёй з лясны гарэх. Гэты абразок дапамог Ганне вылячыцца ад цяжкай хваробы. Шляхцянка стала насіць яго на шыі на вяровачцы. Аднаго разу заможны чалавек заўважыў медальён ў Ганны, і пажадаў яго купіць. Але тая катэгарычна адмовілася прадаваць рэліквію. Тады багач паўплываў на яе мужа, каб той расплаціўся з ім за даўгі абразком. Аднак Ганна была цвёрдай. Яна пачала прасіць у Багародзіцы прабачэння за мужа. Божая Маці прабачыла, але сказала шляхцянцы апрануцца ў чорнае. Праз год нечакана памёр муж Ганны. З гэтага часу з абразком пачалі адбывацца розныя здарэнні. Узрушаная тым, што адбываецца Ганна з сынам Якубам уфундавалі касцёл і аддалі туды абразок.

У 1722 г. касцёл згарэў разам з цудатворным абразком. Новы будынак ўзвялі праз 6 гадоў. Аднак і ён быў знішчаны.

Трэці касцёл пабудаваны з дрэва ў 1748 г. стараннямі каноніка, гарадзенскага віцэ-дэкана пробашча ксяндза Анджэя Эйсыманта і калатара Міхала Эйсыманта. Гэты храм таксама быў знішчаны.

У 1849-1850 гг. узвялі новы будынак з камня, які захаваўся да нашых дзён. Храм пабудаваны ў стылі класіцызму. У касцёльнай сцяне па абодва бакі ад увахода нішы з устаноўленымі там крыжамі. На франтоне кампазіцыя “Божае вока”, ад якога расходзяцца ў розныя бакі промні святла. У сярэдзіне храма ўстаноўлены 3 розныя алтары. У галоўным алтары змешчаны цудатворны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Ісусам на левай руцэ, намаляваны на палатне ў срэбным акладзе. Вакол касцёла шэраг цікавых надмагільных помнікаў і помнік Папу Яну Паўлу Другому.

Сяргей Сянкевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Уладзіміра Хільмановіча