Касцёл Святой Барбары ў Віцебску



Касцёл Святой Барбары — адзін з цэнтраў каталіцкага жыцця Віцебска. Ён знаходзіцца ў пяці хвілінах хады ад чыгуначнага вакзала, таму знайсці яго нескладана. Ён будаваўся на каталіцкіх могілках у 1783-1785 гг., калі гэтыя мясціны нават не ўваходзілі ў гарадскую рысу. Цяпер гэта даўно горад, вуліца Ленінградская, а ад касцёла не такая й вялікая дарога да іншых славутасцяў Віцебска. У свой час каталікі маглі маліцца і ў касцёле святога Антонія, але той быў зруйнаваны за савецкім часам. Паважна дасталося і касцёлу Св.Барбары – у часы дзяржаўнага атэізму гэта нікога не здзіўляла. У 1935 годзе помнік архітэктуры неараманскага стылю і барока быў зачынены, камуністы ператварылі яго на склад угнаенняў. Падчас ІІ Сусветнай вайны моцна пацярпелі вежы касцёла.

У 1988, падчас перабудовы, пачаліся рэстаўрацыйныя работы, тут меркавалася зрабіць залу арганнай музыкі, аднавілі капліцу Святога Крыжа. Айцец Януш Скечак узначаліў аднаўленне касцёла, а ўжо ў 1992 годзе была зарэгістравана парафія св.Барбары. У 1993 годзе арцыбіскуп Казімір Свёнтэк асвяціў касцёл. Цяпер душпастырства ў парафіі вядуць айцы дамінікане. Касцёл быў катэдрай да 2011 года, у чэрвені таго года катэдра была перанесена ў новы касцёл Езуса Міласэрнага.

Наведваючы святыню, цікава заўважыць цішыню, якая пануе тут. Вельмі блізка адсюль знаходзіцца вечна шумны Полацкі рынак. А каля касцёла прыемны спакой. Віцебскі касцёл Св.Барбары нечым нагадвае касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Беластоку, пабудаваны ў самым пачатку ХХ стагоддзя.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск