Касцёл у Ражанцы: Пацы, італійцы і апосталы



На паўночнай ускраіне мястэчка Ражанка, якое знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гарадзенскай вобласці, стаіць надзвычай прыгожы касцёл, які цягам ўсёй сваёй гісторыі ніколі не зачыняўся, што ёсць рэдкасцю.

Згадкі пра першую святыню ў Ражанцы адносяцца да 16 ст. Праўдападобна, што тады  будынак быў яшчэ драўляным. У 1674 годзе з цэглы і бутавага камню пабудаваны і асвечаны ў гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла новы касцёл.

У 1824-28 гг. барокавы храм атрымаў іншы выгляд. Па загадзе ўладальніка мястэчка  генерала лістападаўскага паўстання Міхала Людвіка Паца і пад кіраўніцтвам архітэктара Генрыка (Энрыка) Марконі касцёл перабудаваны ў стылі неаготыкі. Ёсць меркаванне, што гэта была першая ў межах сучаснай Беларусі неагатычная пабудова. Сёння пра былых фундатараў нагадвае шляхецкі герб “Газдава”, змешчаны на фасадзе будынка – звенчаны шляхецкай (графскай) каронай чырвоны шчыт з дзвюмя срэбнымі лілеямі, пакладзенымі ў адваротныя бакі і сціснутымі пасярэдзіне залатым колцам. Менавіта гэтым сімвалам карысталіся некалі трымальнікі Ражанкі Пацы. Убачыць касцёл тых часоў можна на малюнку Напалеона Орды, які мастак выканаў у 1875 г. У польскіх архівах захаваўся таксама план яго праекту, складзены некалі італійскім архітэктарам.

Акрамя Марконі ў ражанскім касцёле адзначыліся яшчэ два італійскія майстры, запрошаныя сюды Міхалам Людвікам Пацам. Мастак Нікола дэ Ангеліс намаляваў абраз Святых Пятра і Паўла для новага алтара, а Карла Аўрэлі выразаў фігуры апосталаў з дрэва.

Чарговая рэканструкцыя святыні адбылася праз стагоддзе – у 1923-25 гг., у часы 2-й Рэчы Паспалітай. Аднак яна не была такой грунтоўнай, яка папярэдняя.

Касцёл пабудаваны ў форме лацінскага крыжа. Асаблівую ўвагу прыцягвае яго маляўнічы рознаколерны фасад, апрацаваны цёмна-чырвоным і карычневым чэсаным камнем і аздоблены белым арнаментам. У адмысловых нішах устаноўлены драўляныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла. Уверсе фасад завяршаецца ступеньчаным шчытом-франтонам, дзе змешчаны шляхецкі герб. Пры фасадзе пабудавана доўгая востраканечная вежа. Асобна ад будынку стаіць металічная званіца. Вакол храма парафіяльныя могілкі, на якіх ёсць цікавыя старажытныя надмагіллі.

Сяргей Сянкевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Уладзіміра Хільмановіча