Касцёл, у якім выступаў NRM



Адзін з найпрыгашэйшых храмаў Віцебскай вобласці – касцёл св. Тадэвуш (мястэчка Лучай, Пастаўскі раён). Касцёл быў пабудаваны ў 1766–1776 гадах для ордэна езуітаў па фундацыі Альжбеты і Тадэвуша Агінскіх. Першапачаткова храм узведзены ў стылі барока, у першай палове XIX стагоддзя нязначна перабудавана, пасля чаго ў архітэктуры з’явіліся рысы класіцызму.

DSC09445

У касцёле захаваліся старыя роспісы. Сцены распісваў знакаміты беларускі мастак Казімір Анташэўскі. Мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што Анташэўскі не капіяваў італьянскіх майстроў, а распісваў храм ў сваім стылі, у далікатнай манахромнай каляровай гаме.

Перад касцёлам знаходзіцца першы ў свеце помнік Папе Бенедыкту XVI.

Арган у касцёле быў усталяваны ў 1811 годзе. Ён меў мануал і 12 рэгістраў (на сённяшні дзень засталося 5 рэгістраў). Зараз арган суправаджае службы і ў касцёле ладзяцца канцэрты для турыстаў. Дарэчы, у лучайскім касцёле перыядычна абываюцца розныя музычныя імпрэзы. Тут выступалі бадай што ўсе вядомыя беларускія барды і многія рок-музыкі з акустычнымі канцэртамі.

Пасляваенная гісторыя касцёла традыцыйная для савецкага перыяду. У 1946 годзе касцёл быў зачынены і пераўтвораны ў склад. Святароў саслалі ў Сібір. Вядома гісторыя парафіянкі Ганны Дубовік (сястры Міхаэлі), якая рушыла за імі ў ссылку. З 1985 года пачалася рэстаўрацыя касцёла старшынёй калгаса імя Суворава Алегам Валадзько. У 1990 годзе касцёл пад тытулам св. Тадэвуша быў вернуты католікам.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара