Казлоўшчына з вуліцамі Леніна, Савецкай і Чырвонаармейскай…



Калі я ехаў у вёску Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна, то думаў, чым гэта вёска за сваю гісторыю праславіла сябе, і хто са знакамітых людзей у ёй нарадзіўся, жыў, працаваў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Найперш прыгадаўся беларускі паэт, публіцыст, журналіст, выдавец і грамадскі дзеяч Сяргей Хмара (1905-1992), які з 1944 года жыў на эміграцыі. Але ў 1930-х гадах ён стварыў на радзіме літаратурную суполку “Маладая Ўскалось”, у Слонімскім павеце арганізаваў 32 гурткі Беларускай сялянска-рабочай Грамады (БСРГ), некалькі гурткоў ТБШ. А ў 1939 годзе выдаў у Вільні свой першы паэтычны зборнік “Жураўліным шляхам”.

За паўтара года свайго існавання БСРГ стала масавай сялянскай арганізацыяй і налічвала ў сваіх радах дзясяткі тысяч сяброў. На 15 студзеня 1927 года з 64 вёсак Казлоўшчынскай воласці 40 мелі гурткі Грамады, якія аб’ядноўвалі 2000 членаў.

Напалоханы ростам гэтай грознай сілы ўрад Пілсудскага ў студзені 1927 года разграміў Грамаду, кінуў у турмы многіх яе кіраўнікоў і актывістаў. Працэс над БСРГ пачаўся ў Віленскім акруговым судзе 23 лютага 1928 года. На лаве падсудных сядзелі 56 чалавек — кіраўнікі БСРГ Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, П. Валошын. Разам з імі быў і С. Хмара з П. Якубчыкам з Казлоўшчыны.

Сяргей Хмара ў кнізе “Рабінавы хмель” (Мн., 2009. С.158) прыгадвае яўрэя Язэпа Крыгу з Казлоўшчыны. Ён быў сынам краўца. Гадуючыся разам з хлопцамі-беларусамі, ён з маленства чуўся беларусам. Разам з беларусамі апынуўся ў Радашковіцкай беларускай гімназіі, пісаў вершы, друкаваўся ў “Шляху моладзі”. Але Другая сусветная вайна перашкодзіла яму выдаць свой першы паэтычны зборнік. Як яўрэй па нацыянальнасці, ён уцякаў ад немцаў. Але пад Смаленскам жыццё яго абарвала куля.

З Казлоўшчынай звязана і жыццё беларускага вайсковага дзеяча, удзельніка Слуцкага паўстання 1920 года, праваслаўнага святара Антона Сокал-Кутылоўскага (1892-1983). 24 чэрвеня 1921 года ён  быў высвечаны япіскапам Панцялеймонам (Ражноўскім) на праваслаўнага святара. У міжваенны перыяд працаваў у парафіях Наваградскага і Слонімскага паветаў і настаўнічаў у школе. Быў прызначаны Дзятлаўскім благачынным, служыў шмат гадоў у Казлоўшчыне. Выказваўся за ўжыванне беларускай мовы ў богаслужэннях праваслаўнай царквы.

У Казлоўшчыне нарадзіўся і вядомы беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук (1959). Асноўныя тэмы ягоных даследаванняў – гэта гісторыя польскага руху ў Беларусі і Літве ў XIX — пачатку XX стагоддзяў, гісторыя беларускага нацыянальнага руху, палітычная гісторыя Беларусі XIX—XX стагоддзяў і яе адлюстраванне ў памяці жыхароў Беларусі (вусная гісторыя), а таксама краязнаўства.

Вось бадай і ўсе прозвішчы, якія мне прыгадаліся, калі я ехаў у Казлоўшчыну. Але ведаю, што іх значна больш.

Гэты населены пункт на Дзятлаўшчыне даволі вялікі – ён налічвае больш за 2 тысячы жыхароў. Па афіцыйных дакументах Казлоўшчына лічыцца гарадскім пасёлкам. Але мясцовыя жыхары і жыхары суседніх вёсак Казлоўшчыну называюць проста вёскай. У ёй заўсёды жыло шмат людзей. У 1887 годзе гэта было сяло з 1421 жыхаром. У пачатку ХХ стагоддзя ў мястэчку Казлоўшчына налічвалася каля 500 жыхароў. У 1939 годзе Казлоўшчына ўвайшла ў склад БССР і з 1940 года была цэнтрам раёну ажно да 1960 года.

Шмат сваіх вяскоўцаў Казлоўшчына страціла ў гады Першай і Другой сусветных войнаў. Адны былі выселены ў бежанства і не вярнуліся з глыбіні Расеі, іншыя – расстраляныя і загінулі ў канцлагерах і на франтах. Помнікам ахвярам Першай сусветнай вайны ў Казлоўшчыне я не знайшоў, а вось ахвярам Другой сусветнай вайны – шмат.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У самым цэнтры гарадскога пасёлка знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. За адзін кіламентр на поўдзень ад пасёлка, справа ад дарогі на Слонім, у лесе – магіла ахвярам фашызму, дзе пахаваны 2450 жыхароў пасёлка. Помнікі і магілы ахвярам вайны ёсць яшчэ на вуліцы Леніна і ў парку. Наогул, цэнтральнымі вуліцамі Казлоўшчыны з’яўляюцца вуліцы Леніна, Савецкая, Чырвонаармейская – усё, як было і пры Савецкім Саюзе.

На вуліцы Леніна спыняю мясцовых дзяўчат і пачынаю з імі гутарку. “А што цікавае можна паглядзець у Казлоўшчыне?” – пытаюся ў іх. Дзяўчаты ўсміхаюцца і кажуць: “Вы, мусіць, пераблыталі Казлоўшчыну з нейкім іншым мястэчкам, бо ў нас няма чаго паглядзець”. “Як няма? А вось побач помнік Леніну ў самым цэнтры пасёлка. Ці ведаеце, хто такі Ленін?” – пытаю ў іх. “Трохі ведаем пра яго, але навошта ён нам”.  “Значыць, у вас тут зусім няма нічога гістарычнага. Так?” – вяду гутарку далей. “О! Успомнілі. Ці бачылі вы стары млын?” – сказалі прыгажуні і паказалі, як мне да яго прайсці. Сапраўды, у Казлоўшчыне захаваўся стары вадзяны млын, пабудаваны ў 1859 годзе.

1fullsize_distr

А ў самым цэнтры пасёлка ёсць і яшчэ адзін цікавы помнік. Гэта помнік драўлянага народнага дойлідства –Свята-Успенская царква. Яна пабудавана на месцы папярэдняга драўлянага храма ў 1914 годзе…

Калі я пакідаў Казлоўшчыну, адзін з яе жыхароў сказаў, што пасёлак іх утвораны ад прозвішчаў Казёл, Казловіч, Казлоў. “Але нам падабаецца наша Казлоўшчына і жыць у ёй добра. Бо дзе сёння жывецца лепш?..”, – шчыра прызнаўся жыхар пасёлка. Ён сеў на ровар і паехаў з торбаю ў “Ручаёк” – знаёмую краму ў гэтым ціхім мястэчку.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара