Кіеўская Залатая брама і “мужык з тортам”



Лічыцца, што Залатая брама была збудаваная за часамі Яраслава Мудрага як частка абарончых сценаў горада. Названыя яны былі ў гонар Залатой брамы ў Канстанцінопалі. Верагодна, кіеўскія князі такім чынам хацелі падкрэсліць пераемнасць ад “Другога Рыма” і бляск сваёй дзяржавы. Аднак ані Залатая брама, ані кіеўскія сцены не сталі перашкодай для ордаў хана Батыя, якія ў 1240 годзе ўзялі горад і спалілі яго ўшчэнт.

З тых часоў Залатая брама стаяла напаўразбуранай. З цягам часу руіны аплылі, і ў сярэдзіне 17 стагоддзя іх засыпалі зямлёю.

Раскапалі Залатую браму толькі ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Іх знаходка стала сенсацыяй. Руіны крыху рэстаўравалі, і ў такім выглядзе яны прастаялі да 1982 годзе, калі помнік вырашылі аднавіць.

Але аднаўленне было няўдалым: рэстаўратары выкарыстоўвалі няякасны бетон. Да таго ж, ніхто не ведаў, як насамрэч тая Залатая брама выглядала за часамі Яраслава Мудрага, і таму будаўнікі далі волю фантазіі…

Усе гэтыя хібы былі выпраўлены падчас наступнай рэстаўрацыі ў 2007 годзе. Хаця і гэтае аднаўленне не варта лічыць цалкам удалым: Залатая брама ў цяперашнім выглядзе хутчэй нагадвае тэатральную дэкарацыю, чым гістарычны помнік.

А вось помнік Яраславу Мудраму каля брамы кіеўляне называюць “мужык з тортам”. Кіеўскі князь трымае макет Сафіі Кіеўскай, які хутчэй нагадвае кулінарны выраб, чым копію знакамітай царквы.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара